Стартуе кінафестываль “ŻubrOFFka”



Афіцыйна пачнецца позна ўвечары, але ў практыцы – роўна ў поўдзень. У Беластоку ды іншых мясцовасцях Падляшскага ваяводства да нядзелі працягнецца Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно “ŻubrOFFka”. Першыя паказы пройдуць адначасова ў мастацкім ліцэі ў Супраслі і ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры ў Беластоку ў поўдзень, а з 15-й гадзіны польскага часу – першы конкурсны паказ. На жаль, сёлета на конкурс не патрапілі фільмы беларускіх рэжысёраў. Кажа Марцін Лучай:

– Фільмы былі вельмі цікавыя. Мы доўга дыскутавалі, якія фільмы возьмем. На жаль, ёсць абмежаванні, не можам мы ўзяць 300 фільмаў. З 2 тысяч прапанаваных мусілі выбраць 15 наймацнейшых, пры гэтым яны павінны быць разнастайныя.

Але ёсць некалькі прадстаўнікоў з усходняй Еўропы, ад Украіны праз Расею ды Кыргызстан. Сёлета шмат фільмаў, якія зрабілі жанчыны.

– Вельмі шмат сацыяльных гісторый, у тым ліку пра новае пакаленне людзей ва Усходняй Еўропе, якія нарадзіліся ў канцы 80-х – 90-х гг. і вырастаюць у краінах, якія толькі ўвайшлі ў ЕЗ альбо толькі распачынаюць гэты працэс, спрабуюць знайсці сваё месца. Таксама ёсць шмат анімацыі.

Сярод анімацыі – фільм чэха Яна Саскі «Хэпі энд», які днямі патрапіў на шорт-ліст кандыдатаў на прэмію Оскара. Афіцыйнае адкрыццё – сёння ўвечары, у кінатэатры “Форум” пройдзе паказ фільма «Шантаж» Хічкока.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток