Ці павялічваецца пагроза Беларусі з усходняга флангу?



На верасень прызначаныя буйныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017». Каментуе лідар Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч:

— Беларуская апазіцыя — гэта частка грамадства, якая хацела б сапраўднай незалежнасці. Яна заўсёды выступае супраць расейскай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. У папярэднія гады востра стаяла пытанне размяшчэння расейскіх вайсковых базаў і адбываліся публічныя пратэсты з гэтай нагоды. Я думаю, што калі тое, што цяпер агучваецца як планы, пачне рэалізоўвацца на практыцы, гэта таксама можа выклікаць сур’ёзную хвалю грамадскага абурэння. 

Лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч прызнаецца, што моліцца за тое, каб канфлікт між Лукашэнкам і Пуціным працягваўся.

— Гэта адзіны шанец для патрыётаў Беларусі і фізічна выжыць як людзям і нашаму народу выжыць, як дзяржаўнаму нацыянальнаму ўтварэнню, калі захоўваецца канфлікт паміж імперскімі амбіцыямі Крамля і аўтарытарнымі амбіцыямі Лукашэнкі. 

Пагроза з боку Крамля ўзрастае, — заўважае Дашкевіч. – Але кіраўнік Беларусі не дарма 20 гадоў вырошчваў карныя структуры, адданыя толькі яму. У той жа час лідэр руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў сумняваецца, што цяперашняе беларускае войска здольнае абараніць Беларусь і прыводзіць прыклад Украіны:

— Якая мела войска значна большае за беларускае і аказалася, што ўсе гэтыя сілы, ніякія не сілы. Частка суверэннай Украіны была здадзена пад Расею без аніякага супраціву. У нашым войску сітуацыя яшчэ горшая, шмат хто лічыць, што яны служаць у нейкім памежным паміж Беларуссю і Расеяй войску, якое будзе абараняць той ці іншы бок, у залежнасці ад сітуацыі. 

Някляеў заўважае, што многія беларускія афіцэры параўноўваюць свае заробкі менавіта з расейскімі, дзе яны вышэй.

Нагадаем, што Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу, у якую ўваходзіць Някляеў, стварыла вайсковую камісію. Яе ўзначаліў падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя