На Віцебшчыне пачалі апісваць маёмасць “дармаедаў”



У Віцебскай вобласці судовыя выканаўцы пачалі наведваць дамы непрацуючых грамадзян і апісваць іх маёмасць. Гэта пацвердзілі ў Беларускім Хельсінскім камітэце. Перад гэтым людзям прысылаюцца лісты пра неабходнасць заплаціць падатак. Само ж апісванне маёмасці не заўсёды праходзіць у межах закона: сустракаліся выпадкі, калі ў грамадзян апісвалі нават працоўныя інструменты. Гэта недапушчальна, лічыць прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта па Воршы і рэгіёне Васіль Бераснеў.

– Судовыя выканаўцы на падставе свайго закона прыязджаюць і нахабна апісваюць маёмасць, нават працоўныя інструменты. Мы абскарджваем гэта, бо працоўныя інструменты нельга забіраць – чалавек не можа пракарміцца і выплаціць кампенсацыі. Думаю, што ў лютым будуць ужо суды. І гэта будзе масавая з’ява.

Дэкрэт прыносіць шмат праблем самой дзяржаве. Каб спагнаць падатак з тых, хто афіцыйна не працаўладкаваны, дзяржаўныя органы выдаткоўваюць вялікія грошы на ўсе неабходныя працэдуры, дадаў Васіль Бераснеў. Юрысты, праваабаронцы лічаць, што дэкрэт №3 парушае канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі і патрабуюць яго скасавання.

3

2

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара