Беларусь прапаноўвае правесці сустрэчу лідараў Расеі, ЗША, ЕЗ і Кітая



Менск выступае за сустрэчу лідараў Расеі, ЗША, Еўразвяза і Кітая для абмеркавання прычын крызісу ў міжнародных адносінах. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 8 снежня на пасяджэнні Савета кіраўнікоў МЗС краін АБСЕ ў Гамбургу, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

„Больш за 40 гадоў таму для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам спатрэбіўся хельсінкскі працэс, падчас якога былі выпрацаваныя прынцыпы мірнага ўзаемадзеяння дзяржаў ва ўмовах двухпалярнага свету, — сказаў Макей. — Сённяшняя сітуацыя, на жаль, вельмі нагадвае „дахельсінкскі” перыяд. Расце адчужэнне паміж Захадам і Расеяй. Усё выразней становіцца перспектыва новай „халоднай вайны”.

Паводле слоў Макея, „наспела неабходнасць сустрэчы лідараў Расеі, ЗША, ЕЗ, Кітая для адкрытага абмену думкамі аб прычынах крызісу ў міжнародных адносінах”. „Важна пакласці пачатак асэнсаванню новых правілаў шматпалярнасці, якая фарміруецца, пры безумоўнай павазе інтарэсаў адзін аднаго. Пры неабходнасці — падключыць да гэтага працэсу міжнародную экспертную супольнасць. Беларусь гатова арганізаваць адпаведныя сустрэчы ў Менску”, — дадаў міністр.

Ён таксама зазначыў, што на фоне крызісу даверу і ўзмацнення канфрантацыі яшчэ большую пагрозу ўяўляюць рэгіянальныя канфлікты. Іх ўрэгуляванне і прадухіленне Макей назваў ключавой задачай АБСЕ. „Наша арганізацыя (АБСЕ. — БелаПАН.) даказала сваю запатрабаванасць, прымаючы ўдзел ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Беларусь цалкам падтрымлівае дзейнасць трохбаковай кантактнай групы і Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне. Гатовыя і далей рабіць усё, што ў нашых сілах, каб мір і спакой запанавалі на зямлі братняй Украіны”, — падкрэсліў Макей.

belapan.by