125 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч



125 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч, класік беларускай літаратуры,  паэт, публіцыст, літаратурны крытык.  У 1907 годзе ён дэбютаваў у газеце «Наша Ніва» з апавяданнем «Музыка».

2-z3-719ccb89-719a-4836-8dcc-ecac38e58d4e

 

У пачатку 1914 года ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў паэтычны прыжыццевы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі).

Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча пачнуцца ля помніка паэту на плошчы Парыжскай камуны ў 10 гадзін літаратурнай акцыяй „Расцем разам з Максімам”. Тут студэнцкія калектывы і выкладчыкі ВНУ, работнікі музеяў і прадстаўнікі грамадскасці будуць чытаць вершы Багдановіча. Затым у храме-помніку Усіх Святых у 11.30 пачнецца цырымонія асвячэння і закладкі капсулы з зямлёй, прывезенай з магілы Максіма Багдановіча ў Ялце. У мерапрыемстве возьме ўдзел міністр культуры Барыс Святлоў.

Урачыстае тэатралізаванае адкрыццё новай экспазіцыі, прысвечанай дню нараджэння паэта, адбудзецца ў 16 гадзін у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

У 17.30 ля помніка класіку пачнецца літаратурны мітынг з удзелам ганаровых гасцей, членаў урада, Адміністрацыі прэзідэнта, Менгарвыканкама. Пасля яго заканчэння адбудзецца ўскладанне кветак і запальванне памятных свечак і лампад.

***

Напілося сонца са крыніц сцюдзёных

Напілося сонца са крыніц сцюдзёных,

Усцягнула ў вышу з іх ваду, як пар;

І ўзляцеўшы шпарка па праменнях тонкіх

Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар.

 

У даль яны памкнулі і лятуць пад імі

Нівы ды балоты, поле, бор, лука.

Але што там блішча? Ці не ты, сястрыца,

Ці не ты ліешся срэбная рака.

 

Загрымелі ў хмарах гулка прывітанні

І далёка буйны вецер іх разнёс.

Рынуліся хмары да ракі радзімай

І зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз.

 

Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку

Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку

І выдувае з мыла пузыры.

Вясёлкаю гараць яны ў зіянні ранку,

Узлятаючы ў паветра да гары.

 

І заварожаны шматфарбнаю красою,

Са спрытнасцю і хцівасцю ката

Хапае хлопчык іх няжорсткаю рукою,

А застаецца у ёй — адна слата.

 

Пагоня

Толькi ў сэрцы трывожным пачую

За краiну радзiмую жах,

Успомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

 

У белай пене праносяцца конi,

Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…

Старадаўняй Лiтоўскай пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.

 

У бязмерную даль вы ляцiце,

А за вамi, прад вамi гады.

Вы за кiм у пагоню спяшыце?

Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

 

Мо яны, Беларусь, паняслiся

За тваiмi дзяцьмi уздагон,

Што забылi цябе, адраклiся,

Прадалi i аддалi ў палон?

 

Бiйце ў сэрцы iх бiйце мячамi,

Не давайце чужынцамi быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамi

Аб радзiмай старонцы балiць…

 

Мацi родная, Мацi-Краiна!

Не усьцiшыцца гэтакi боль…

Ты прабач, ты прыймi свайго сына,

За Цябе яму ўмерцi дазволь!

 

Усё лятуць i лятуць тыя конi,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Лiтоўскай пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць