У парламенце створаная рабочая група па праблематыцы смяротнай кары



У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання створаная рабочая група па праблематыцы смяротнай кары, паведаміў, выступаючы 13 снежня ў Менску на канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, старшыня пастаяннай камісіі парламента па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч, які ўзначаліў гэтую рабочую групу.

Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам група „мае намер вызначыцца з будучымі напрамкамі сваёй працы”.

У Палаце прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў дзейнічала рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, што прымяняецца ў Беларусі. Як адзначалі эксперты, асабліва прыметнай яе дзейнасць не была, але заходнія партнёры неаднаразова пазітыўна ацэньвалі сам факт стварэння такой групы.

З 28 лістапада па 1 снежня стала вядома пра пакаранне смерцю ў Беларусі адразу трох асуджаных да вышэйшай меры пакарання — 28-гадовага Івана Куляша, 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага і 49-гадовага Генадзя Якавіцкага. Праваабаронцы мяркуюць, што ўсе трое былі расстраляныя 5 лістапада.

Новыя смяротныя кары ў Беларусі асудзілі Міжнародная федэрацыя правоў чалавека, Савет Еўропы і Еўрасаюз.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнай кары быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

belapan.by