Алег Волчак: Улады не хочуць наступаць на горла ўласнай песні



Праваабаронца Алег Волчак разважае пра тое, ці пераканаюць заходнія палітыкі беларускія ўлады, што краіне трэба адмовіцца ад смяротнага пакарання.

13 снежня ў Менску праходзіць другая па ліку міжнародная канферэнцыя «Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка».

„Прапануем уладзе ўвесці мараторый на год і паглядзім, як зменіцца сітуацыя”, — распавёў Еўрарадыё напярэдадні мерапрыемства дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

Алег Волчак: Мне падаецца, што захаванне смяротнага пакарання ў краіне – прынцыповая пазіцыя беларускай улады. Дваццаць гадоў таму на рэферэндуме беларусы выказаліся за вышэйшую меру пакарання, і зараз ніхто не хоча вяртацца назад. Маўляў, не трэба ісці насуперак волевыяўленню народа. Але ж за 20 гадоў вырасла новае пакаленне, і невядома як людзі зараз бы выказаліся. Зрэшты, пакуль іх ніхто і слухаць не хоча.

РР: А ці прыслухоўваюцца ўлады да голасу грамадскасці, да тых кампаній, якія ладзяцца за адмену смяротнага пакарання?

Алег Волчак: Не толькі не прыслухоўваюцца, а як быццам паказваюць – вы кажыце ўсё, што заўгодна, а мы ў адказ расстраляем яшчэ больш. Вось вам яскравы прыклад. У кастрычніку праваабаронцы правялі “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, а прыкладна праз месяц расстралялі адразу трох асуджаных. Таму пазіцыя застаецца нязменнай у гэтым пытанні, і паўплываць на яе пакуль ніхто не можа. Так, у межах нейкіх міжнародных канферэнцый дыялог быццам бы ідзе, але не больш за тое. Канкрэтных крокаў няма. Тым больш, Еўропа на афіцыйны Менск ужо ўвогуле перастала ціснуць, той робіць так, як лічыць неабходным.

РР: Мараторый на смяротнае пакаранне – прадмет гандлю?

Алег Волчак: Наяўнасць вышэйшай меры пакарання найперш б’е па іміджу краіны, вось што павінны зразумець улады, калі яны разлічваюць на нейкіх заходніх інвестараў. Але ж, як кажуць, не хочуць наступіць на горла ўласнай песні. Зрэшты, зараз ходзяць чуткі, што ў Беларусі могуць правесці яшчэ адзін рэферэндум і не выключана, што сярод іншых пытанняў уключаць і пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя