Колькасць жылых новабудоўляў у Менску знізілася амаль на 20%



Колькасць жылых новабудоўляў у Менску ў параўнанні з пачаткам 2016 года знізілася амаль на 20%, паведаміла кіраўнік кампаніі „Твая сталіца — Новабудцэнтр” Наталля Пічуха.

Паводле яе слоў, зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва на першасным рынку жылля ў сталіцы можна назіраць на працягу двух апошніх гадоў. „Прычына ва ўскладненні працэсу атрымання зямельных участкаў пад забудову, і ў прыватнасці ў вялікіх аб’ёмах абцяжаранняў, якія перадаюцца разам з участкам. Усё гэта разам са зніжэннем цэн на новабудоўлі мінімізуе памер маржы забудоўшчыка”, — падкрэсліла Пічуха.

Аднак, адзначыла яна, восень паказала, што рынак працягвае развівацца. На яго выходзяць новыя аб’екты: два дамы ў квартале „Маяк Мінска”, тры дамы ад УКБ і адзін дом у Грушаўцы.

Як правіла, новае будаўніцтва засяроджанае ў класах „Эканом” і „Стандарт”. Асаблівасцю 2016 года стала актывізацыя дзяржаўных забудоўшчыкаў, якія выводзяць на рынак новабудоўлі „Эканом” па дэмпінгавых ў параўнанні з сярэднярынкавым узроўнем цэнах. За кошт гэтага кватэры ў такіх дамах разыходзяцца за лічаныя дні, адзначыла эксперт.

Новыя дамы класа „Стандарт” у асноўным прапануюць буйныя камерцыйныя забудоўшчыкі з вялікім вопытам узвядзення жылля. „У гэтым класе таксама расце цэнавая канкурэнцыя, аднак цэны больш стабільныя. Як правіла, больш высокая якасць будаўніцтва і даступны кошт у гэтым класе робяць такія кватэры больш прывабнымі, чым стандартныя панэлькі”, — лічыць кіраўнік кампаніі.

На яе думку, асноўнай тэндэнцыяй на рынку новабудоўляў можна назваць скіраванасць на будаўніцтва недарагога жылля з кампактнымі планіроўкамі. Запатрабаванымі можна назваць аднапакаёвыя кватэры плошчай да 44 кв. м, двухпакаёвыя — да 60, трохпакаёвыя — да 70.

Сярэднярынкавыя цэны сёння складаюць: 905—990 долараў за 1 кв. м у класе „Эканом”, 1.030—1.190 — „Стандарт”, 1.210—1.290 — „Камфорт”, 1.610-1.645 — „Прэстыж”.

На думку спецыяліста, да гэтага часу застаецца нездаволеным попыт на кватэры класаў „Эканом” і „Стандарт”, якія пабудаваныя ў Мінску і прадаюцца з мінімальнай, але ўсё ж чыставой апрацоўкай.

Яна таксама адзначае: у той час як новабудоўлі класаў „Эканом” і „Стандарт” працягваюць забіраць на сябе асноўную частку попыту, забудоўшчыкі дамоў „Камфорт” і „Прэстыж”, кватэры ў якіх прапануюцца па значна больш высокіх цэнах, вымушаныя шукаць шляхі патаннення праекта і зніжэння яго сабекошту. І ў класе „Камфорт” ужо ёсць акцыйныя прапановы на ўзроўні крыху большым за 900 долараў за 1 кв. м. Але нават у гэтым выпадку выніковы кошт кватэры будзе высокім з-за вялікай плошчы.

У класе „Прэстыж” мінімальны кошт 1 кв. м складае прыблізна 1.400 даляраў. Большая частка дамоў класа „Прэстыж”, што прапануюцца на рынку, ужо ўведзеныя ў эксплуатацыю. Асноўная прычына ў нізкім попыце на такія кватэры з-за высокіх цэн, адзначае эксперт. У перыяд будаўніцтва ў гэтым класе рэалізуюцца толькі прыблізна 25% кватэр, а асноўная доля прадаецца пасля ўводу дома ў эксплуатацыю, пры гэтым тэрмін продажу можа расцягвацца не на месяцы, а гады. „Менавіта таму часта апошнія „завіслыя” ў продажы кватэры знаходзяць новага ўласніка па істотна зніжаных цэнах”, — рэзюмуе Пічуха.