У Беларусі паменела рамеснікаў



Як паведамляе Міністэрства эканомікі, за дзевяць месяцаў падатковы збор заплаціла на 447 беларусаў менш, чым за аналагічны леташні перыяд. “Такая сітуацыя выкліканая дзеяннем дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, – так мяркуе кіраўнік экспертнай супольнасці “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч:

– Увядзенне падатку на дармаедства для многіх беларусаў паказала, што самым простым выхадам з сітуацыі з’яўляецца ўступленне ў рады рамеснікаў. Але гэтая тэндэнцыя была часовая, бо прыйшло ўсведамленне таго, што гэта ўскладае на чалавека пэўныя абавязкі. Напрыклад, неабходнасць удзелу ў кірмашах. Многія маглі паглядзець на тых, хто не з’яўляецца рамеснікам, не працуе і пры гэтым не атрымаў ліста ад падатковай, і задумацца, ці ёсць сэнс рабіць тое, што не прыносіць рэальнага прыбытку.

Гомельская рамесніца Алена Налімава гаворыць, што для беларускіх рамеснікаў склаліся неспрыяльныя ўмовы. Таму некаторыя рамеснікі вымушаныя згортваць сваю дзейнасць:

– Рамесніцкія вырабы – гэта спецыфічны тавар, даволі працаёмкі. Гэта чалавек сядзіць і сваімі рукамі робіць, а ў выніку не можа прадаць па добрай цане. За мяжой, канешне, сітуацыя з гэтым лепшая. У нас у сувязі з эканамічнай сітуацыяй у краіне такія hand made тавары не вельмі папулярныя.

Памер рамесніцкага збору складае адну базавую велічыню. Цяпер гэта 21 рубель. Пры гэтым рамеснікі вызваленыя ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота tut.by