Беларусь дзякуючы Германіі можа дыверсіфікаваць свой экспарт



Павелічэнне экспарту ў Германію можа дапамагчы Беларусі вырашыць задачу дыверсіфікацыі знешняга гандлю. Такое меркаванне выказаў нямецкі пасол Петэр Дэтмар 14 снежня ў Менску на семінары, арганізаваным Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

ФРГ

Дыпламат нагадаў, што за апошнія два гады тавараабарот паміж Беларуссю і Германіяй сур’ёзна знізіўся.

„Структура беларускага экспарту ў Германію звязаная ў большай ступені з сыравіннымі таварамі і ў меншай ступені з пастаўкамі камплектавальных”, — адзначыў Дэтмар. Пры гэтым, дадаў ён, экспарт камплектавальных мае важнае значэнне, бо дазваляе паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва паміж кампаніямі дзвюх краін.

Дыпламат нагадаў, што прэзідэнт Беларусі ставіць задачу перад урадам забяспечыць дыверсіфікацыю беларускага экспарту.

„Аднабаковая залежнасць ад расейскага рынку з улікам уплыву кан’юнктурных фактараў, зніжэння ёмістасці расейскага рынку адмоўна адбілася на Беларусі”, — канстатаваў Дэтмар.

У сувязі з гэтым ён выказаў упэўненасць, што павелічэнне паставак беларускай прадукцыі ў Германію магло б спрыяць дыверсіфікацыі экспарту Беларусі. „Нямецкі рынак — самы буйны рынак у Еўропе, які дазваляе Беларусі дыверсіфікаваць пастаўкі сваёй прадукцыі”, — сказаў дыпламат.

У сваю чаргу сустаршыня Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Дзмітрый Дзічкоўскі выказаў меркаванне, што для беларускіх кампаній экспарт у краіны Еўрасаюза з’яўляецца вельмі важнай задачай. „Праца з еўрапейскім рынкам — мара любой беларускай кампаніі. Гэта іншы ўзровень бізнесу, іншы ўзровень патрабаванняў і магчымасцяў”, — сказаў ён.

Беларускія кампаніі, якія рэалізуюць прадукцыю ў краінах Еўразвяза, маюць вялікі патэнцыял для павелічэння сваёй эфектыўнасці, дадаў Дзічкоўскі. „Кошт кампаній, якія прадаюць сваю прадукцыю ў краінах Еўразвяза, расце ў некалькі разоў. Для прыватнага сектара гэта вельмі важны паказчык”, — падкрэсліў прадстаўнік саюза.

belapan.by