Пра Дзярэчын, Сапегаў, Пятроўскага і казачніка Макея



Зэльвенская раённая бібліятэка наладзіла выпуск буклетаў, кніжак і памятак, прысвечаных людзям Зэльвеншчыны і яе гісторыі.

У адыходзячым 2016 годзе з друку выйшаў зборнічак вершаў, прысвечаны Дзярэчыну, якому сёлета споўнілася 600 гадоў. У зборнік увайшлі вершы беларускіх паэтаў Міхася Скоблы, Уладзіміра Мазго, Юркі Голуба, Генадзя Коўша і іншых аўтараў, якія ў сваіх творах апяваюць Дзярэчын і яго гісторыю. Зборнік так і называецца “Дзярэчын, Дзярэчын, наш мілы Дзярэчын…”.

Другім цікавым выданнем стала брашура “Народны казачнік Макей з Дзярэчына”. Сапраўды, у мінулым стагоддзі ў Дзярэчыне жыў беларускі народны казачнік Іван Макей (1882-1955). Пасля Другой сусветнай вайны студэнты Белдзяржуніверсітэта запісалі ў яго 30 казак. А казачка “Кіёк” Івана Макея была нават апублікавана на нямецкай мове ў 1980 годзе ў Берліне.

Карысным атрымаўся ў зэльвенскіх бібліятэкараў і буклет “Загінуў,вяртаючыся ў Дзярэчын”, дзе адлюстраваны жыццёвыя старонкі князя Аляксандра Сапегі (1773-1812).

У 1930-х гадах у Дзярэчыне жыў беларускі пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннай Заходняй Беларусі і на эміграцыі, публіцыст, выдавец, рэдактар, пісьменнік і перакладчык Ян Пятроўскі (1905-2002). У свой час ён напісаў вялікі артыкул-успамін “Дзярэчын – малы Версаль”. Зэльвенскія бібліятэкары і яго не забыліся, а выдалі памятку “Ян Пятроўскі”.

img_3665

img_3667

img_3668

img_3669

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва