Камуніст Ігар Карпенка стаў новым міністрам адукацыі



Новым міністрам адукацыі Беларусі прызначаны Ігар Карпенка. Адпаведнае рашэнне прыняў 15 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Ігар Карпенка

Фота sputnik.by

Ён адзначыў, што спыніўся на кандыдатуры Карпенкі, выбіраючы сярод многіх прапанаваных. „Вас не трэба пераконваць у ідэйнай накіраванасці нашай дзяржавы. І вас не трэба пераконваць у тым, якой увогуле ў нас павінна быць адукацыя”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы назваў Карпенку „прагрэсіўным чалавекам”. „Вы выдатна ведаеце недахопы нашай савецкай адукацыі, непасрэдна ведаеце лепшыя школы краіны і іх недахопы. У вас велізарны досвед працы ў сацыяльнай сферы, перш за ўсё ў адукацыі. Гэта галоўныя фактары, якія схілілі мяне да таго, што менавіта Карпенка павінен сёння ўзначаліць гэты кірунак”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што перад Карпенкам стаіць шмат задач па развіцці і вырашэнні розных праблемных пытанняў у адукацыі. У тым ліку гаворка ідзе пра далейшую рэалізацыю пэўнай для гэтай сферы канцэпцыі, удасканаленні навучальных праграм.

„На жаль, мае ўстаноўкі не ў поўным аб`ёме рэалізаваны ў адукацыі. І вам гэта трэба будзе ўсё рэалізаваць”, — заявіў Лукашэнка.

Са снежня 2014 года пасаду міністра адукацыі займаў Міхаіл Жураўкоў, які на працягу 18 гадоў працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. У час кіравання Жураўкова, у маі 2015 года, Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.

Інфармаваная крыніца паведаміла БелаПАН, што Жураўкоў вызвалены ад пасады па прадстаўленні генеральнай пракуратуры ў сувязі са скандалам вакол харчавання выхаванцаў інтэрнатных устаноў.

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Новакузнецку (Кемераўская вобласць Расіі). Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спецыяльнасці „настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і англійскай мовы”, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці „міжнародныя адносіны”.

Працоўную дзейнасць пачаў старэйшым піянерважатым у сярэдняй школе. Служыў у радах Узброеных сіл. Працаваў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела, упраўлення выхаваўчай работы, прарэктарам па выхаваўчай і сацыяльнай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга і чацвёртага скліканняў. Узначальваў камісію па міжнародных справах і сувязях СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

У ліпені 2011 года прызначаны на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У Мінгарвыканкаме Карпенка курыраваў кіраўніцтва ідэалагічнай, грамадска-палітычнай і сацыяльна-культурнай дзейнасцю, сферай адукацыі, аховы здароўя, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння.

Член КПСС з 1984 года. Удзельнічаў у адраджэнні Камуністычнай партыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ і першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта КПБ. У кастрычніку 2012 года абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

belapan.by