У Сейме Польшчы абмеркавалі падтрымку беларускіх мэдыяў
Камісія замежных спраў польскага Сейма рэкамендуе павялічыць фінансаванне беларускіх медыяў і ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці. Апроч гэтага дэпутаты настойваюць на неабходнасці легалізацыі незалежнага Саюза палякаў на Беларусі.
Адпаведная пазіцыя была агучана на пасяджэнні парламенцкае камісіі. Гаворыць намеснік старшыні камісіі Пшэмыслаў Чарнецкі:
– Было супольна прынята, усімі палітычнымі сіламі польскага парламента, хоць і вядзецца размова з Лукашэнкам, бо нельга гэтага пазбегнуць, трэба каб правы чалавека ў Беларусі выконваліся, таксама як і правы польскай меншасці. Я магу заявіць ад імя “Права і справядлівасці”, што мы будзем пра гэта памятаць.
Пра важнасць падтрымкі беларускіх медыяў заявіў сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Беларускі палітык зазначыў, што пытанне набывае яшчэ большую важнасць у час, калі ў Беларусі працуе машына расейскай прапаганды.
Тым не менш дырэктар „Белсата” Агнешка Рамашэўска-Гузы ў сваім выступе на камісіі паінфармавала, што дагэтуль невядома, ці будзе фінансаванне на наступны год, і што такая сітуацыя здараецца ўпершыню:
– Няма яснасці адносна фінансавання на наступны год, што здараецца досыць рэдка, бо дагэтуль заўсёды ўвосені заключалася дамова з міністэрствам замежных спраў штогод на працягу дзевяці гадоў, мы ведалі, што будзе ў наступным годзе. Ходзяць такія непакоячыя пагалоскі, што мы будзем прынесеныя ў ахвяру на алтары паразумення з прэзідэнтам Лукашэнкам, што было б неабгрунтаваным.
Нагадаем, што некалькі дзён таму дэпутат Адам Андрушкевіч у каментары для „Беларускага Радыё Рацыя” зазначыў, што „Белсат” не можа быць закладнікам у польска-беларускіх адносінах, і тэлеканал не збіраюцца закрываць.
Дэпутаты апазіцыйнай партыі „Грамадзянская платформа” прызналі, што самі напрыканцы свайго кіравання выступалі за дыялог з Лукашэнкам, але тым ні менш вельмі здзіўлены пазіцыяй дзейнага ўраду, які спрабуе весці гэты дыялог коштам грамадзянскай супольнасці, кажа былы міністр адукацыі Ёанна Клюзік-Растоўска:
– Гэта нейкае непаразуменне, я з апазіцыйнай партыі, але шчыра прызнаюся лічыла на тое, што Беларусь будзе нас аб’ядноўваць. Я вельмі здзіўлена і спадзяюся, што наша МЗС знойдзе выйсце са склаўшайся сітуацыі.
Таксама апазіцыйны палітык выказала абурэнне ў сувязі з тым, што ўрад гаворыць пра пацяпленне адносінаў з Лукашэнкам, у той калі ў Гародні сёлета быў закрыты набор у апошнюю польскамоўную групу ў дзіцячым садку. У яе разуменні сучасная палітыка ўраду сведчыць пра поўнае фіяска „Права і справядлівасці” ў беларускім кірунку.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава