„Bulbamovie” у Гародні
У межах мерапрыемства пад назвай „СВАЁ КIНО!” у гарадзенскім „ДОМе-46” ахвотных пазнаёмяць з анімацыйнай праграмай i фiльмамi-пераможцамi кiнафестывалю „Bulbamovie 2016”.
Гарадзенцы ўпершыню змогуць не толькі паглядзець цікавае беларускае кіно і анімацыю, але і сустрэцца з журы конкурсу і аўтарамі стужак. Запрашае дырэктарка культурніцкай пляцоўкі Яўгенія Рамановіч:
– Будзе цікава, арыгінальна, плюс яшчэ прыедуць рэжысёры, якія рабілі гэтыя фільмы. Гэта ж не проста фестываль Bulbamovie – гэта фіналісты Bulbamovie. То бок менавіта лепшыя працы, якія былі адзначаныя журы, таму гэта ўнікальная магчымасць прыйсці і ўбачыць, што выбрала журы, які зараз трэнд у кіно, у анімацыі.
„Bulbamovie” – штогадовы фестываль новага беларускага кіно, які ўзнік па ініцыятыве журналіста і кінарэжысёра з Польшчы Януша Гаўрылюка, пры падтрымцы групы польскіх і беларускіх калегаў. Першапачаткова праходзіў выключна ў Варшаве, цяпер – у Варшаве і Менску.
Беларускае Радыё Рацыя