На мяжы затрымалі аўтобус з Алесем Міхалевічам



У Берасці ў ноч на 18 снежня на памежным пераходзе беларускія службы затрымалі аўтобус, які вёз пасажыраў з Варшавы ў Менск.

міхалевіч

Сярод пасажыраў аказаўся былы кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 году апазіцыянер Алесь Міхалевіч. Паводле Алеся Міхалевіча, затрыманне аўтобуса не звязана з палітыкай.

„Мусілі адправіцца на Менск а 4-й гадзіне раніцы, але дагэтуль стаім. Кажуць, што ў аўтобусе знайшлі схаваныя наркотыкі і цяпер міліцыянты высвятляюць, каму яны маглі належаць. Правяраюць пальцы ва ўсіх пасажыраў на тое, ці ёсць сляды наркотыку. Усяго больш за 50 пасажыраў, мая чарга пакуль не дайшла, колькі гэта яшчэ працягнецца — не ведаю”, — сказаў па тэлефоне Алесь Міхалевіч.

Пасля разгону мітынгу пратэсту 19 снежня 2010 года кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турме КДБ. Быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, змог з’ехаць у Чэхію, дзе атрымаў статус палітуцекача. Праз Інтэрпол улады Беларусі абвясьцілі Алеся Міхалевіча ў міжнародны вышук, з-за чаго яго некалькі разоў затрымлівалі ў еўрапейскіх краінах, але ў Беларусь не выдавалі. Больш за год таму Алесь Міхалевіч сам вярнуўся ў Беларусь. Тут палітыку паведамілі, што крымінальная справа супроць яго прыпыненая, але не закрытая.

svaboda.org