Праваслаўныя ўшаноўваюць памяць Свяціцеля Мікалая



Праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць памяць Святога Мікалая. Свяціцель, якога яшчэ называюць Мікалаем Цудатворцам ды Угоднікам, стаў вядомы сваёй міласэрнасцю і дабрынёю.

cimg7180

Пра важнасць асобы святога нашаму карэспандэнту расказалі вернікі з Мікалаеўскага прыходу ў Белавежы:

– Гэта вялікі святы, ён вылечвае людзей, дапамагае ім.

– Мы верым у Мікалая Цудатворцу. Гэта нашае парафіяльнае свята.

– Мы молімся яму за здароўе, за нашых дзяцей. Мы лічым яго адным з найважнейшых святых.

Свяціцель Мікалай жыў на пераломе III i IV стагоддзяў. На працягу года ў праваслаўнай царкве двойчы адзначаецца дзень Святога Мікалая – 22 траўня і 19 снежня.

cimg7194

cimg7189

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

19 снежня, паводле юльянскага календара, Праваслаўная Царква адзначае памяць вялікага святога – Мікалая Цудатворца, званага яшчэ Мікалаем Угоднікам. Яго імя вельмі папулярнае ва ўсім хрысціянскім свеце.

Згодна з жыццеапісаннем святога, Мікалай нарадзіўся у 270 годзе ў горадзе Патары ў заможнай хрысціянскай сям’і. Пасля смерці бацькоў ён раздаў усю сваю маёмасць бедным. У пачатку 4-га стагоддзя Мікалай быў абраны епіскапам горада Міры Лікійскія на тэрыторыі цяперашняй Турэччыны. Як епіскап ён праслыў непрымірымым змаганнем з паганствам ды шматлікімі ерасямі. Аднак у ягоным служэнні, мабыць, першае месца заняла міласэрнасць і дабрачыннасць.

Паводле жыццеапісанія (агіяграфіі), прынята лічыць, што гэта ён прыносіць дзецям падарункі. Існуе мноства аповедаў-легендаў пра ягоную дабрыню і міласэрнасць, а таксама пра здзейсненыя ім шматлікія цуды. Адсюль званне «цудатворац».

Паводле некаторых крыніцаў, Мікалай удзельнічаў у Першым Нікейскім Усяленскім Саборы ў 325 годзе і там, не стрымаўшыся ад абурэння, ударыў ерэтыка Арыя. Той таленавіты і вельмі папулярны аратар вучыў, што Сын Божы не з’яўляецца роўным Богу-Айцу. Пасля смерці Мікалай быў пахаваны ў храме ў Мірах (цяпер горад Дэмрэ), аднак у траўні 1087 года італьянскія купцы вывезлі ягоныя нятленныя мошчы ў Італію ў горад Бары, каб не былі апаганеныя мусульманамі. Там яны знаходзяцца да сённяшняга дня. Турэцкія ўлады робяць спробы вярнуць іх назад у Дэмрэ. Яны хочуць змясціць іх у адмысловым музеі, спадзяючыся на наплыў пілігрымаў і турыстаў, аднак Італія цягам ужо 10 гадоў не збіраецца мошчы аддаваць.

Святы Мiкалай Цудатворац карыстаецца вялікім культам ва ўсёй хрысціянскай царкве, але асаблiвай пашанай – у славянскiх народаў. У шматлiкiх гарадах пабудаваныя храмы ў яго гонар. Імя Мікалай вельмі папулярнае, асабліва ва ўсходніх славян, хаця сустракаецца і ў іншамоўным, заходнім гучанні. На працягу года двойчы адзначаецца свята ў гонар Мікалая: 22 траўня і 19 снежня. Гэта так званы «вясенні» і «зімовы» Мікола. Свяцiцелю Мiкалаю Цудатворцу моляцца аб дзецях, аб добрых жанiхах i нявестах, аб захаваннi сямейнага ачага, аб заступнiцтве за ўдоў i сiрот, аб спачуваннi бедным i безабаронным, аб дапамозе ў нястачах, аб выратаваннi i захаваннi мараплаваў, аб суцяшэнні ў розных бедах i смутках, аб аздараўленні ад розных хвароб. На іконах яго прадстаўляюць у епіскапскіх рызах і з Евангеллем у руцэ.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя