У Гародні прайшоў “Зялёны форум”



У Гародні прайшоў першы “Зялёны форум” экалагічных няўрадавых арганізацый Гарадзеншчыны. У якасці гасцей прысутнічалі прадстаўнікі менскіх экалагічных аб’яднанняў.

IMG_4106

Каардынатар таварыства “Зялёная Сетка” Яраслаў Бекіш лічыць, што галоўная задача форуму – дасягнуць дамоўленасцяў пра сумесную дзейнасць экалагічных няўрадавых арганізацый:

– Мы кантактуем з рознымі гарадзенскімі арганізацыямі, ініцыятыўнымі групамі ўжо дастаткова даўно, а вось на ўзроўні супрацоўніцтва вельмі мала прэцэдэнтаў. Напрыклад, сёння прыгадвалі кампанію па абароне балот на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях – гэта амаль адзінкавы прыклад, калі атрымалася разам нечага дабіцца. У дадзеным выпадку дабіцца таго, каб два балоты, якія знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласці, часова не асушалі для здабычы торфу па пастанове Савета Міністраў.

„Актыўнасць гарадзенскіх экалагічных арганізацый – высокая”, – заўважае Яраслаў Бекіш. Паводле яго, гэты высокі патэнцыял павінен быць аб’яднаны па ўсёй краіне.

Таварыства “Зялёная сетка” прывезла гарадзенцам разнастайныя арганізацыйныя прапановы, якія дапамогуць людзям і грамадскім ініцыятывам, якія клапоцяцца пра экалогію свайго наваколля.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара