Андрэй Пачобут: “Белсат” – гэта акно ў свет



Вядомы журналіст, дзеяч Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пачобут выказаўся ў падтрымку незалежнага тэлеканала.

f28b93d7-493f-4177-9850-da57c88836bb_w987_r1_s

«Белсат» глядзяць перадусім жыхары малых гарадоў і вёсак, якія мала карыстаюцца інтэрнэтам. Для іх незалежны тэлеканал зʼяўляецца акном у навакольны свет», – падкрэсліў Андрэй Пачобут у каментары для «Белсату»:

– Я маю надзею, што «Белсат» не знікне, спадзяюся, што гэтае працоўнае рашэнне будзе перагледжана. У кантэксце расейскай інфармацыйнай палітыкі належыць сказаць, што расейскія СМІ дамінуюць ў Беларусі, яны ўплываюць на грамадскую думку. Альтэрнатывай быў «Белсат», таму ён вельмі важны.

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс падтрымала незалежнае тэлебачанне.

p3

На яе думку, “Белсат” – гэта стратэгічны тэлеканал, які перш за ўсё перадае незалежную, праўдзівую інфармацыю для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі:

– Дзякуючы “Белсату” мы можам інфармаваць грамадства пра жыццё палякаў Беларусі. Таму што ніводзін тэлеканал у Беларусі не будзе праўдзіва прадстаўляць інфармацыю пра жыццё Саюза палякаў. У найцяжэйшыя часы, у часы рэпрэсій толькі дзякуючы незалежным СМІ мы маглі абараняцца. І адным з вядучых медыяў быў “Белсат”.

Паводле Анжалікі Борыс, ліквідацыя «Белсату» – гэта ўдар у бок грамадзянскай супольнасці ня толькі Беларусі, але і ўсёй постсавецкай прасторы, бо «Белсат» глядзелі таксама ў шмат якіх краінах былога СССР. «Жыве «Белсат»! – падсумавала Анжаліка Борыс у каментары для “Белсату”. Нагадаем, што ў інтэрнэце з’явілася петыцыя ў падтрымку «Белсату».

На гэты момант вядома, што польскае Міністэрства замежных спраў хоча замест незалежнага беларускамоўнага тэлеканала «Белсат» укласці сродкі ў канал TVP Polonia. Гэты канал скіраваны на палякаў за мяжой. Такі намер у інтэрв’ю  выданню wPolityce агучыў кіраўнік міністэрства Вітальд Вашчыкоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org