Коваль пра ліквідацыю “Белсата”: урад паказвае, што на яго можна ціснуць



Былы намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Коваль вельмі крытычна ацэньвае рашэнне закрыць тэлеканал “Белсат”.

koval

Польшча паказвае рэжыму Лукашэнкі, што на яе можна ціснуць і дабівацца свайго, і гэта ўжо дрэнна само па сабе, зазначае палітык:

– Гэта памылка высылаць такі сігнал беларускаму боку. Гэта нейкі абмен, ціск на польскі бок, каб змяніць медыйную палітыку. Лепш працягваць палітыку паразуменя з Беларуссю, шукаць вырашэння праблем, але не цаной “Белсату”. Мы ўвогуле здзіўлены, што “Белсат” стаў прадметам нейкага гандлю.

Павел Коваль зазначыў, што можа абгрунтаваць дзеянні польскага МЗС прагматызмам, але ў дадзеным выпадку можа аказацца, што ліквідацыя “Белсата” стане фатальнай памылкай. Польскі ўрад не павінен быць упэўнены, што ў дыялогу з Лукашэнкам Варшава размаўляе з Менскам, а не Масквой:

– Мы насамрэч не ведаем, якія планы ў Лукашэнкі, не ведаем, ці ён незалежны ў гэтых планах, і ці не здарыцца так, што мы размаўляем быццам з ім, а насамрэч – з Масквой. Можа аказацца так, што Лукашэнка ў гэтай справе ўвогуле не мае чаго сказаць, і размаўлялі мы з тым, каго не бачылі, хто хаваўся за заслонай.

Нагадаем, што міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі у інтэрв’ю польскаму парталу wpolityce.pl паведаміў аб закрыцці “Белсата” ўзамен за абяцанне Лукашэнкі пусціць у кабельныя сеткі польскі тэлеканал. Грошы, якія раней прызначаліся на ўтрыманне адзінага ў свеце беларускамоўнага тэлеканала, маюць пайсці на дапамогу сірыйскім ўцекачам.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ualife.net