Справа 1925 г. “Бандыты эпохі ваеннага камунізму”



У 1918 годзе Леў Давыдавіч Троцкі, старшыня Рэвалюцыйнага Ваеннага Савета РСФСР, прапанаваў палітыку “ваеннага камунізму”. Палітыка гэтая зводзілася да стварэння шматміліённых Працоўных армій, куды людзей мабілізоўвалі прымусова і дзе яны з рана да рана працавалі таксама пад прымусам за мізэрную пайку. Але нават тае пайкі ў Савецкай улады не было, і тады бальшавікі прыгадалі пра царскую палітыку “харчразвёрсткі” – гвалтоўнага адбору хлеба ў сялянаў.

kdb_50_01

У вёскі пацягнуліся шматлікія “харчовыя атрады” на чале з узброенымі чакістамі. Яны рэквізоўвалі ў сялянаў амаль увесь хлеб, пакідаючы паміраць з голаду цэлыя раёны. Гэта правакавала ў народзе лютую нянавісць да Савецкай улады, якая вылівалася і ў антысавецкія выступы, і ў звычайны бандытызм.

Не стала выключэннем і ўкраінска-беларускае сумежжа…

За часамі “ваеннага камунізму” ва ўкраінска-беларускім сумежжы дзейнічала шмат самых розных паўстанцкіх і бандыцкіх груповак. Усе яеы быліа бязлітасна вынішчаная ЧК да 1921 года. Удзельнікі тых груповак ці паўцякалі за мяжу, ці былі змушаныя хавацца, ці ў нейкі спосаб легалізавацца пры новай уладзе. Але ж чакісты ўсяляк шукалі, арыштоўвалі і садзілі той “кантрэвалюцыйны элемент”.

Адным з такіх злосных кантрэвалюцыйнераў быў Аляксандр Іванавіч Куц – удзельнік паўстанцкага атрада Якава Ленца.

31 студзеня 1925 года Аляксандр Куц, які жыў пад чужым прозвішчам, быў арыштаваны чэкістамі.

7 марта 1925 г.

АНКЕТА НА АРЕСТОВАННЫХ И ЗАДЕРЖАННЫХ С ЗАЧИСЛЕНИЕМ ЗА Ч. К.

Куц Александр Игнатьевич, украинец, 1896 г. р., родился в Полтавской области, Прилуцкий район, дер. Опочня, беспартийный, грамотный. Жена Мария Ивановна 24 года, дочь Людмила 9 лет, дочь Лена 1 ½ года, отец Игнат 55 лет. Арестован 31 января 1925 г. в г. Миргород. Предъявлено обвинение по 58 ст.

Аляксандр Ігнатавіч пагарэў на дробязі. Яшчэ ад 1920 года ён перабраўся на Палтаўшчыну, дзе жыў па бездакорным пашпарце нейкага Івана Фёдаравіча Кацяленіца, палымянага бальшавіка з дакастрычніцкім стажам і нават служыў сакратаром Рэвалюцыйнага Выканаўчага Камітэта пад Міргарадам. Але ж аднойчы на базары ў Міргарадзе Куц выпадкова сустрэў сябру, з якім быў у атрадзе Ленца. Як і мае быць, сябры адзначалі сустрэчу ў піўной. Магчыма, яны занадта гучна згадвалі там мінулыя подзвігі, і гэта прывабіла ўвагу занадта пільных грамадзянаў, магчыма, таго прыяцеля ўжо распрацоўвала ЧК – у следчай справе на гэты конт няма аніякай інфармацыі.

Куц быў арыштаваны ў той жа дзень, і адразу палічыў за лепшае ва ўсім прызнацца.

Вось як апісвае ён канфіскацыю хлеба і рэакцыю на яе сялянаў:

4 февраля 1925 г.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

Куца Александра Игнатьевича

По сути дела показал:

(…)

На Воздвиження приїхали червоноармійці. Забрали все дочиста. Хлопці подоставали рушниці, підстерегли цих на горі і постріляли трохи. Хліб повернули. Я тоді не стріляв, а стояв і дивився. А мені кажуть — все одно тепер ти з нами, заберуть усіх (…)

Паказальна, што нават дзянікінцы, якія рабавалі і расстрэльвалі не менш за чырвонаармейцаў, падаваліся сялянам меншым ліхам.

2 февраля 1925 г.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

Куца Александра Игнатьевича

(…)

Весь час ми перебували то в селі, то в лісі, котрий примикав до села «Черняєвщина». Коли прийшли денікінськи банди, то ми почали жити вже вдома, зразу нас не трогали (…)

Кіраваў адпорам “харчовага атраду” чырвонаармейцаў і чакістаў мясцовы жыхар, Якаў Ленц. Са следчай справы вынікае, што падчас Першай сусветнай ён даслужыўся да афіцэрскіх пагонаў і нават меў колькі Георгіеўскіх крыжоў. У аднавяскоўцаў ён быў у безумоўным аўтарытэце.

Першы поспех натхніў вяскоўцаў на думку адпомсціць усім, хто спачуваў чырвораармейцам і чакістам.

ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЯ ГПУ

от 2 апреля 1925 г.

(…)

Указанной бандой были расстреляны члены партии Мурай и Артюх. Участники банды явились на квартиру Артюха Трофима (отца убитого красноармейца Артюха Ивана) и забрав такового совместно с гр. Мураем Григорием (также отца убитого красноармейца Мурай Сергея), повели в усадьбу одного из участников банды (…), стали избивать за то, что он выдавал Соввласти бандитов, затем посадили на подводу, и в сопровождении пяти бандитов, в том числе и Куца, повезли под дубраву, где выстрелом в голову был убит гр. Мурай (…)

Праз колькі месяцаў атрад Якава Ленца, намеснікам каторага стаў Аляксандр Куц, налічваў каля сотні чалавек пры трох кулямётах. Атрад пасунуўся на поўнач Сівершчыны, рабуючы па дарозе сялянаў – такіх жа самых, як і самі паўстанцы. У раёне Радуля бандыты пераправіліся праз Дняпро на Гомельшчыну, але там нечакана сутыкнуліся з жорсткім адлупам.

12 февраля 1925 г.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

Куца Александра Игнатьевича

(…)

Там були китайці при кулеметах. Наші хлопці потрапили в засаду, трьох вбили відразу, ми дочекалися ночі й переправилися назад в Радуль (…)

Кітайскія ўзброеныя гастарбайтары з’явіліся ў Чырвонай арміі з падачы таго ж Льва Троцкага яшчэ ў 1918 годзе. Ваявалі яны сапраўды выдатна, але нават сярод чакістаў карысталіся рэпутацыяй катаў і садыстаў. “Кітайскіх інтэрнацыяналістаў” выкарыстоўвалі ў якасці заградатрадаў ззаду Чырвонай арміі, але ў разе сур’ёзнай небяспекі перакідаліся на самыя праблемныя ўчасткі.

Так ці інакш, але атрад Ленц, які да таго часу ператварыўся ў сапраўдную банду, адкаціўся за Дняпро…

Па хуткім часе банда была часткова знішчаная, часткова разагнаная. Некаторыя, як той жа Аляксандр Куц, пайшлі служыць у белагвардзейскія часткі, бо служба тая таксама давала магчымасць рабаваць і гвалціць.

Далей былі ўцёкі з белагвардзейцамі ў Крым, вяртанне пад Міргарад і жыццё пад чыжым імём па чужых дакументах.

У турме Аляксандр Куц напісаў ліст старшыні Губернскага суда. Ліст гэты падкупляе пісьменнай ўкраінскай мовай, разуменнем палітычнага моманту і адчуваннем стылістыкі:

Шановний тов. голова Губсуда!

(…)

Ви маете не людину освічену, а тільки навчившу грамоті в своїй селянській школі, але дякуючи тим обставинам, котрі сприяли мені приблизитися до громадсько-політичного життя, в процесі роботи біля котрих я зрозумів принципи класової боротьби і оце саме (…) укрепило незломну енергію та прагнення громадьскої праці (…)

Оця то ситуація, яка склалася навкруг мого злочинства, через котру я перебуваю до суда у вязниці, і заставили мене звернутися до Вас. (…) Таке тяжке злочинство я зробив через несвідомість і в отчаяння хочеться кричати во всю міць! (…)

Аляксандр Куц атрымаў усяго толькі пяць гадоў знявольвання. Што сталася з верхаводам бандытаў Якавам Ленцам – невядома: паводле адной інфармацыі, ён загінуў у перастрэлцы, паводле другой – памёр ад тыфу. Лёсы астатніх удзельнікаў банды ў следчай справе не прасочваюцца.

Што да палітыкі “ваеннага камунізму”, то яна была скасаваная ў 1921 годзе. Бо нават бальшавіцкая ўлада ўцяміла: калі дзяржава пачынае дзейнічаць з народам бандыцкімі метадамі,  то і народ рана ці позна прасякаецца бандыцкай ідэалогіяй і бярэцца за зброю.

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_01

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_02

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_03

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_04

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_05

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_06

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_07

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_09

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_10

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_11

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_12

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_13

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_14

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_15

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_16

2016-12-20_achromienka_na_uliku_kdb_50_17

* * *

У наступнай я раскажу, чым займалася “Русская освободительная армия»  на Падляшшы ў 1944 годзе.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “4547-ОФ”