Ці спыняцца паміж Расеяй і Беларуссю гандлёвыя “войны”?



“Фармат узаемаадносін пабудаваны такім чынам, што канфлікты ніколі не знікнуць”, – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Леў Марголін

Рассельгаснагляд, які апошнім часам пастаянна ставіць бар’еры на шляху беларускіх тавараў, ужо прапаноўвае ўвесці квоты на пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі.

Тым часам, пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў днямі заклікаў Расельгаснагляд заканчваць займацца папулізмам і стварыць у Саюзнай дзяржаве адзіную службу кантролю за якасцю прадуктаў.

Леў Марголін: Гандлёвыя “войны” паміж Расеяй і Беларуссю ніколі не скончацца, што пацвярджаецца ў першую чаргу гістарычным досведам. Фармат узаемаадносін пабудаваны такім чынам, што канфлікты не знікаюць, і невялікія спрэчкі час ад часу пераўтвараюцца ў гарачыя. Гэта не выключэнне, а метад суіснавання дзвух краіны. Таму пры сёняшніх уладах у Расеі і Беларусі паляпшэння стасункаў у гэтым накірунку не прадбачыцца, бо няма ніякіх трывалых дзяржаўных законаў. І няма традыцыі гэтым законам падпарадкоўвацца. Аўтарытарныя ўлады жывуць па сваіх законах. Сёння кіраўнік краіны прачнуўся, і ў яго дрэнны настрой – вось і атрымайце па вушах. Ні пра якія дамоўленасці ніхто нават не ўспамінае.

РР: А як жа агульная эканамічная прастора?

Леў Марголін: Агульная эканамічная прастора – гэта больш палітычная з’ява, чым эканамічная. Каб яна пераўтварылася ў эканамічную, неабходна яшчэ вельмі і вельмі шмат працаваць. Краіны, якія ўваходзяць у гэтую прастору, яны ж вельмі розныя. Кожная са сваім інтарэсам. Таму заявіць аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы вельмі проста. Куды складаней, каб усё гэта працавала.

РР: Рассельгаснагляд абараняе свой рынак ад беларускай прадукцыі?

Леў Марголін: Я далёкі ад думкі, што беларуская прадукцыя горшая за расейскую, але кожнаму вытворцу вядома, што заўсёды можна да нечага дачапіцца. Вось і знаходзяць. І калі ім кажуць “Фас!”, тыя накідваюцца на беларускія тавары.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя