Станіслаў Шушкевіч: Мы выратавалі СССР ад грамадзянскай вайны



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў пра тое, што адбывалася роўна 25 гадоў таму.

Станіслаў Шушкевіч

21 снежня 1991 году кіраўнікі 11 былых савецкіх рэспублік у Алма-Аце прынялі Дэкларацыю аб утварэнні Садружнасці незалежных дзяржаваў і канстатавалі спыненне існавання СССР. Такім чынам падпісаныя раней Белавежскія пагадненні былі пацверджаныя фактычна. Да Беларусі, Расеі і Украіны далучыліся іншыя былыя савецкія рэспублікі – за выключэннем Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Станіслаў Шушкевіч: Гэта быў гістарычны дзень, бо да Беларусі, Украіны і Расеі далучыліся яшчэ 8 рэспублік. Назарбаеў спачатку казаў, што ён не хацеў падпісваць дакумент, але пазней заспяваў па-іншаму – маўляў, хацеў не проста далучыцца да Садружнасці, а быць і адным з яе аўтараў. І нават мемарыяльная дошка сёння ёсць на доме, дзе падпісвалася Дэкларацыя, якая інфармуе, што 21 снежня стварылася СНД. А ўвесь свет лічыць, што гэта адбылося 8 снежня.

РР: Якую ролю адыграла Садружнасць у гісторыі?

Станіслаў Шушкевіч: Яна зрабіла сваю справу. Хаця, калі ў 1996 годзе цэнтр СНД перанеслі з Менска ў Маскву, то ўсё ізноў пачало збірацца ў адзін цэнтр, а галоўнай фігурай стала Расея. А спачатку, па Белавежскаму пагадненню, каардынацыйны цэнтр СНД быў прызначаны ў Менску. У Садружнасці многія працавалі па-савецку, але тое, што развод рэспублік адбыўся мірна, гэта вялікая заслуга СНД. Падчас нядаўняй паездкі ў ЗША, якая была прымеркавана да юбілею падпісання Белавежскіх пагадненняў, многія эксперты ва ўніверсітэтах адназначна казалі – гэта прадухіліла грамадзянскую вайну ў Савецкім Саюзе.

РР: Магло быць паўтарэнне “югаслаўскага сцэнару”?

Станіслаў Шушкевіч: Безумоўна, бо рэальна пагражаў цяжкі распад імперыі. Улічваючы тое, што ў многіх рэспубліках быў ядзерны патэнцыял, справа магла закончыцца самай сапраўднай катастрофай. І я вам скажу, што мы дзейнічалі насуперак Бушу, насуперак Мітэрану, насуперак Тэтчэр… Яны ўсе казалі, што не трэба ніякага сепаратызму. Але мы ўсё зрабілі вельмі акуратна, і сёння цывілізаваны свет адэкватна ўспрымае тое, што зроблена.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя