Прысуды за Свіслацкі фэст у Лідскім раённым судзе (абноўлена)



Актывістаў з Лідчыны прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У Лідскім раённым судзе другі дзень разглядаліся справы Вітольда Ашурка, Вадзіма Лявона і Валерыя Мінца. Судовы працэс пачаўся ўчора, але не быў завершаны, паколькі Валеры Мінец заявіў, што ў Свіслачы на памятным мерапрыемстве не прысутнічаў. Разглядаў справы ўсіх трох актывістаў старшыня Лідскага раённага суда Сяргей Піпко.

Пра вынікі суда паведамляе наш карэспандэнт Андрэй Панямонаў:

– Закончылася судовае паседжанне і вынесены прысуды. Суд даказаў віну ўсіх, нават таго самага Валерыя Мінца, які не ўдзельнічаў у гэтай акцыі, які там не быў нават фізічна. І вынік такі: Вадзіму Лявону вынеслі афіцыйнае папярэджанне, Валеру Мінцу прысудзілі штарф у 5 базавых велічынь і Вітольду Ашурку – 30 базавых велічынь, бо ў яго гэта ўжо другое правапарушэнне на працягу году. 

dscf7859

Раней за ўдзел у памятных мерапрыемствах у Свіслачы і Якушоўцы былы прысуджаныя каля дзясятка актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Акцыя ў Свіслачы праходзіць кожны год у памяць пра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

* * *

У Лідскім раённым судзе распачаўся разгляд справы аб удзеле мясцовых грамадскіх актывістаў у сёлетнім Свіслацкім фэсце. Адміністрацыйны працэс супраць Вітольда Ашурка, Вадзіма Лявона і Валерыя Мінца доўжыўся каля трох гадзін.

dscf7853

Былі заслуханыя сведкі з боку праваахоўных органаў са Свіслачы, непасрэдна ўдзельнікі мерапрыемстваў, а таксама іх сведкі. Падчас паседжання галоўны суддзя Лідскага раёна – Сяргей Піпко, які разглядае справу, паведаміў, што пратаколы складзеныя некарэктна і былі накіраваныя на дапрацоўку. Гэты факт і шэраг іншых, якія былі высветленыя падчас паседжання, даюць падставу не давяраць і прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія складалі пратаколы і далі свае сведчанні ў судзе, лічыць Валер Мінец.

– Міліцыянты шмат разоў парушылі і кодэкс, і Закон аб міліцыі: на іх вачах адбывалася, як яны лічаць, правапарушэнне і яны не ўмешваліся ў гэта, і нават не папярэдзілі пра гэта ўдзельнікаў. Атрымліваецца такім чынам, што міліцыянты пачакалі, пакуль адбудзецца ”правапарушэнне”, каб пасля з кожнага спагнаць грошы.

Грамадскі актывіст з Ліды хадайнічаў выдаць яму для азнаямлення копію відэаматэрыялаў, якія былі прымацаваныя да матэрыялаў справы. Па яго словах, ён не браў непасрэднага ўдзелу ў масавых мерапрыемствах на Свіслаччыне, што і збіраецца аспрэчыць на наступным паседжанні суда. Яно адбудзецца ў Лідзе ў чацвер 22 снежня.

* * *

Чарговыя суды праходзяць на Гарадзеншчыне над удзельнікамі акцыі памяці паўстанцаў 1863 года, якая прайшла ў Свіслачы. Гэтым разам судзяць грамадскіх актывістаў з Лідчыны. Позвы ў Лідскі раённы суд атрымалі Валеры Мінец, Вадзім Лявон і Вітольд Ашурак.

Сённяшняе судовае пасяджэнне ўжо завершанае, але прысудаў ніякіх не было агучана, паведамляе наш карэспандэнт Андрэй Панямонаў:

– Судовыя справы былі аб’яднаныя ў адну, бо ўсе сведкі былі па адной справе, суддзя разглядаў усіх адначасова. Было трое сведкаў са Свіслацкага РАУС, а таксама сведкі, пра якіх хадайнічалі ўдзельнікі акцыі. Суд зацягнуўся на тры гадзіны. Улічваючы тое, што адзін з абвінавачаных у памятных мерапрыемствах у Свіслачы не прысутнічаў, ён запрасіў доказ з РАУС, таму судовае паседжанне перанесена на заўтрашні дзень на 14:30.

Не прысутнічаў у Свіслачы на акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага Валеры Мінец. Разгляд справы трох грамадскіх актывістаў з Лідчыны за несанкцыянаваны ўдзел у масавым мерапрыемстве ў Свіслачы працягнецца заўтра. Разглядае справы старшыня Лідскага раённага суда Сяргей Піпко.

Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота: Андрэй Панямонаў