Аляксандр Мілінкевіч: “Белсат” важны для нашай перспектывы



Вырашаецца лёс першага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала “Белсат”.

Аляксандр Мілінкевіч

Фота bnp.by

Шэраг лідараў беларускага грамадства, вядомых у свеце, прынялі і падпісалі зварот да Прэзідэнта і Прэм’ера Рэспублікі Польшча. Зварот скіраваны ў падтрымку незалежнага тэлеканала „Белсат”.

Сярод падпісантаў – палітык і грамадскі дзяяч Аляксандр Мілінкевіч.  “Тэлеканал “Белсат” мае вялікае значэнне, і мяне радуе, што так шмат людзей яго падтрымліваюць”, – кажа Мілінкевіч:

– Вялікіх спрэчак не выклікае вялікае значэнне тэлеканала “Белсат”, як і “Радыё Рацыя, дарэчы. Мы разумеем, што гэтыя сродкі масавай інфармацыі, якія надаюць з Польшчы для Беларусі, па-ранейшаму для нас вельмі важныя, бо вядома, што дзяржаўныя медыя цалкам падпарадкаваныя ідэалогіі, цалкам спрабуюць выхаваць людзей у старой ідэалогіі. Само прызначэнне міністрам адукацыі кіраўніка камуністычнай партыі гаворыць аб тым, як дзяржава бачыць будучыню моладзі і Беларусі. Мяне вельмі радуе і цешыць, што людзі так ахвотна падтрымліваюць “Белсат” у інтэрнэце і праз збіранне подпісаў. Думаю, што ёсць шанец адстаяць “Белсат”. Ліквідацыя “Белсата” выкліча вялікую дэпрэсію ў незалежным грамадстве. Вельмі цяжка будзе патлумачыць людзям, чаму галоўны партнёр – Польшча – перастае яго фінансаваць. Зразумела, што грошай у бюджэце заўсёды не хапае. Але “Белсат” працуе ўжо дзевяць гадоў, і многія польскія палітыкі заўсёды казалі, што трэба стратэгічна працаваць з Беларуссю.

РР: Так, і заўважна, што ў асяроддзі польскай палітычнай эліты далёка не ўсе падтрымліваюць ідэю скарачэння фінансавання “Белсату”, або яго закрыцця. Вось дэпутат Сейму Робэрт Тышкевіч паведаміў, што ў межах камісіі па замежных справах будзе падымацца пытанне “Белсату”, і шмат палітыкаў выказваецца ў падтрымку тэлеканала…

Так заўсёды было, але на працягу многіх гадоў мы заўсёды казалі, што ўнутраныя польскія спрэчкі паміж палітыкамі могуць быць вельмі жорсткімі, але важна, каб па пытанні Беларусі максімальна ўсе казалі адным голасам. І калі б гэта здарылася, было б добра.

Аляксандр Мілінкевіч выказвае спадзяванне, што незалежны тэлеканал “Белсат” атрымаецца абараніць ад закрыцця. Палітык звяртае ўвагу на тое, што асабліва “Белсат” запатрабаваны ў рэгіёнах:

– Мне здаецца, што МЗС Польшчы не зусім разумее сітуацыю. Казаць, што “Белсат” слабы і не ўплывовы, і мае мала гледачоў, то трэба найперш улічваць, у якіх умовах ідзе трансляцыя гэтага канала, як ён пераследуецца. Але самае для мяне галоўнае ў “Белсаце” – гэта тое, што яго глядзяць у малых гарадах і вёсках, напрыклад, і ў маёй вёсцы Бершты. Людзі глядзяць, а як я прыязджаю, то нават і са мной абмяркоўваюць. Некаторыя адмыслова набылі спадарожнікі, каб глядзець “Белсат”. Гэты канал вельмі важны для нашай перспектывы. І ніколі такія каналы не будуць вельмі цікавымі для большасці, але для актыўнай, адукаванай, прабеларускай меншасці, якая будзе варашаць лёс Беларусі і ў дэмакратыі, і зараз, гэты канал адыгрывае вялікую ролю.

Ліст у падтрымку “Белсату” падпісалі: Святлана Алексіевіч, Анджэліка Борыс, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч.

Днямі міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў размове з парталам wPolityce.pl агучыў планы наконт “Белсату”, а менавіта, што Польшча плануе ўкладаць сродкі ў тэлеканал TVP Polonia, і патрабуе сродкаў для дапамогі сірыйскім уцекачам. У беларускай дэмакратычнай прасторы ў адказ разгарнулася акцыя ў падтрымку “Белсату”.

На бягучы год з Міністэрства замежных спраў “Белсат” атрымаў 17 мільёнаў злотых на сваё функцыянаванне. Цяпер плануецца скараціць фінансаванне на дзве-траціны, што фактычна можа азначаць ліквідацыю тэлеканала.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя