Белсат жыві: галасы падтрымкі
У Менску адбылося паседжанне грамадскай Назіральнай рады тэлеканалу Белсат. Прынятая заява на імя кіраўніцтва Еўразвязу, каб ЕЗ вярнуў фінансаванне, якое калісьці даваў Белсату.
Як толькі Еўразвяз перастаў быць фундатарам, то адразу пачаліся пытанні, – заўважае сябра Назіральнай рады Белсату і кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Ён спадзяецца, што Польшча будзе не адзіным донарам тэлеканалу.
Нагадаем, што раней бюджэт Белсату папаўнялі гранты са Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Літвы ды іншых краінаў Еўропы. У фінансаванні каналу брала ўдзел і Еўрапейская камісія. Сябра Рады, журналістка Святлана Калінкіна зазначае: «Тое, што стваралася 10 гадоў, нельга праз нейкае глупства, наіўнасць або дамоўленасць проста ўзяць і разбурыць. Мы робім усё магчымае, каб гэта не здарылася».
Салідарны з Белсатам і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Ён спадзяецца, што польскі ўрад будзе працягваць падтрымку Белсату. У сваёй заяве ён адзначае: „Усведамляючы важнасць атрымання грамадзянамі Беларусі аб’ектыўнай і нецэнзураванай інфармацыі па-беларуску, СБП заклікае польскі бок перагледзець планы наконт ліквідацыі Белсата. Канал на працягу дзевяці гадоў свайго існавання шырока асвятляў культурную сітуацыю, выступаў трыбунай для дзеячаў культуры, незалежных літаратараў, мастакоў, музыкантаў, якія не маюць у Беларусі доступу да афіцыйнага тэлебачанні і СМІ наогул”.
У заяве падкрэсліваецца, што незалежныя крыніцы інфармацыі з’яўляюцца неад’емнай часткай існавання дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, таму іх аслабленне і ліквідацыя пакідаюць беларусаў безабароннымі. А гэта ва ўмовах татальнай русіфікацыі і ваяўнічага наступу „рускага свету” можа мець самыя драматычныя наступствы.