Анжаліка Борыс: „Белсат” патрэбны грамадзянам Беларусі



„Ліквідацыя „Белсата” выклікае перш за ўсё страту даверу да Польшчы з боку беларусаў і не толькі”, – так пра планы польскага ўраду выказалася Анжаліка Борыс.

Анжаліка Борыс

Старшыня Саюза палякаў на Беларусі разам са Святланай Алексіевіч, Алесем Бяляцкім, Аляксандрам Мілінкевічам і Уладзімірам Някляевым падпісала петыцыю ў абарону тэлеканала „Белсат” на імя прэзідэнта і прэм’ера Польшчы:

Паводле Анжалікі Борыс, ліквідацыя адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала стане вялікай стратай:

– Столькі высілкаў было аддадзена, каб стварыць гэта тэлебачанне. 10 гадоў яно існавала, і сёння яго ў пэўным сэнсе зліквідаваць – гэта проста вялікая страта. Гэта перш за ўсё страта даверу да Польшчы і ўжо не толькі з боку грамадзян Беларусі.

Як дадае старшыня Саюза палякаў на Беларусі, „Белсат” з’яўляецца крыніцай незалежнай інфармацыі таксама для польскай меншасці ў Беларусі:

– „Белсат” патрэбны грамадзянам Беларусі, патрэбны таксама палякам. На “Белсаце” кожныя два тыдні ідзе праграма пра польскую меншасць у Беларусі. “Белсат” – гэта незалежнае тэлебачанне, якое разбурае манаполію расейскай прапаганды.

Нядаўна міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі агучыў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што ўрад замест тэлеканала „Белсат” плануе стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя