Вадзім Іосуб: Больш за ўсё насцярожваюць словы – “любым коштам”



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавядае, чаму ўлады не адмаўляюцца ад свайго жадання давесці ў наступным годзе сярэдні заробак да 500 даляраў.

Вадзім Іосуб

Днямі Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы новае кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, ужо ў чарговы раз за апошнія месяцы нагадаў аб сваім даручэнні дасягнуць у 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне ў 500 $.

«Яшчэ раз падкрэсліваю — 500 $ у будучым годзе сярэдні заробак. Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала”, – запатрабаваў беларускі лідар.

Вадзім Іосуб: Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі насцярожваюць словы — “любым коштам”. У нармальнай сітуацыі такі заробак можна дасягнуць ростам вытворчасці працы. Пры гэтым у Беларусі трэба, каб яна вырасла на трэць. Зразумела, што ні пры якіх умовах у наступным годзе гэтага не адбудзецца. Другі альтэрнатыўны варыянт, калі казаць пра рост заробку “любым коштам”, — уключыць друкавальны станок грошай і крэдытаваць прадпрыемствы, каб тыя выплочвалі працоўным незароблены заробак. Наступствы будуць вельмі простыя – рэзкі рост інфляцыі і дэвальвацыя. І, калі ў гэтым годзе насельніцтва было чыстым прадаўцом валюты, то праз час яно стане чыстым пакупніком. Інакш кажучы, калі да лічбы 500 даляраў ісці “любым коштам”, то ўжо ў 2018 годзе гэтая лічба пераўтворыцца ў заробак 300 даляраў.

РР: Для ўладаў лічба “500 даляраў” – як магічная. Навошта яны наогул учапіліся менавіта ў такі сярэдні заробак?

Вадзім Іосуб: Мне падаецца, што гэта адбываецца на ўзроўні паліттэхналогій. У дарадцаў кіраўніка краіны ёсць нейкае ўяўленне пра тое, што ў народа зніжаюцца даходы, людзі вельмі незадаволеныя, а таму патрэбна абвясціць пра рост заробкаў у будучым. І ўсе, маўляў, адразу супакояцца. Але мне падаецца, што ў насельніцтва ўжо ёсць дастаткова шырокае разуменне, чаго каштуе рост даходаў “любым коштам”. І замет таго, каб нейкім чынам супакоіць людзей, размовы пра рост заробкаў “чаго б нам не каштавала” могуць толькі павялічыць дэвальвацыйныя чаканні беларусаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя