Родная вёска Рамана Скірмунта ўключана ў турыстычныя маршруты



Палеская вёска Парэчча, дзе нарадзіўся і пахаваны прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі, палітычны дзеяч пачатку ХХ стагоддзя Раман Скірмунт, уключана ў два турыстычныя маршруты, абсалютна розныя па сваім змесце.

Першы – гэта турыстычны маршрут па Першай сусветнай вайне, а другі – разлічаны на івалідаў-вазочнікаў ды іншых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Парэччы захавалася шмат фартыфікацыйных збудаванняў, а парк, закладзены Раманам Скірмунтам, добра падыходзіць для экалагічнага адпачынку.

Вёска мае чым зацікавіць турыстаў, – кажа дырэктар Народнага парэчанскага музея Яўгеніі Янішчыц Антаніна Сідарук:

– Тут ёсць што паглядзець. У нас – і літараурны музей Янішчыц, і экалагічная сцежка ў парку “Парэчча”, і ёсць музей-сядзіба палешука, гэта канец XIX – пачатак XX ст. Цяпер адзначаецца 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны – ёсць у нас бліндаж, гэта адзіны бліндаж у краіне.

Акрамя гэтага ў Парэччы адзін раз на два гады адбываецца Міжрэгіянальны фальклорны фестываль ды Міжнародны фэст байкераў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя