Алег Волчак прапануе ўвесці мараторый на дэкрэт аб „дармаедах”
Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра „Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак прапаноўвае ўладам увесці мараторый на прымяненне дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Пра гэта гаворыцца ў яго звароце, накіраваным кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай і прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову.
„Сёння, ва ўмовах сур’ёзнага эканамічнага крызісу, для многіх грамадзян Беларусі склалася няпростая сітуацыя, — заявіў Волчак. — Адсутнасць працы на рынку працы істотна скараціла даходы насельніцтва. Ідзе далейшае паніжэнне ўзроўню і якасці жыцця беларусаў. Асаблівы непакой у гэтай сітуацыі ўзнікае з нагоды ўвядзення падатковага збору з грамадзян на фінансаванне дзяржаўных расходаў, які быў зацверджаны так званым дэкрэтам аб дармаедах”.
Праваабаронца адзначыў, што на працягу некалькіх месяцаў былі выяўленыя „пэўныя складанасці” з механізмам рэалізацыі дэкрэта. Так, у снежні адбылася нарада ў Адміністрацыі прэзідэнта па пытаннях карэктавання палажэнняў дэкрэта, паводле вынікаў якога было вырашана ўнесці ў яго змены. Пры гэтым урад абяцаў не рассылаць паведамленні аб выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў да канца студзеня 2017 года ў сувязі з падрыхтоўкай паправак у дэкрэт, якімі плануецца зменшыць спіс плацельшчыкаў гэтага збору, а таксама павялічыць колькасць тых, хто будзе вызвалены ад яго.
„Мы бачым, што падыход да дзяржаўнага рэгулявання гэтага пытання пастаянна пераглядаецца. Адсутнічае каардынацыя дзяржаўных органаў у рэалізацыі дэкрэта № 3. Гэта выклікае напружанасць не толькі сярод службовых асоб, але і тых грамадзян, якім высылаюць паведамленні з падатковай”, — адзначыў Волчак.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што напярэдадні Раства Хрыстовага і Новага года зноў сталі масава рассылаць паведамленні з падатковых органаў па ўсёй краіне. „Нам паступаюць паведамленні, што падатковая зноў не правярае інфармацыю аб тым, каму накіроўвае паведамленні аб выплаце гэтага збору. Вельмі шмат скаргаў ад маці, што выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў або дзяцей, якія пакутуюць ад розных захворванняў і ў якіх не ўсталяваная інваліднасць. Але асноўныя звароты зыходзяць ад людзей, якія жадаюць працаваць. З-за эканамічнага крызісу гэтыя людзі не могуць знайсці працу, асабліва гэтая праблема сур’ёзна стаіць у малых населеных пунктах”, — сказаў Волчак.
У сувязі з гэтым праваабаронца прапануе не ўносіць змены ў дэкрэт прэзідэнта № 3, а ўвесці мараторый на яго прымяненне. „Такую неабходнасць можна абгрунтаваць ростам беспрацоўя і скарачэннем даходаў насельніцтва Беларусі. Такі захад урада пакажа цывілізаванасць і прыярытэт аховы інтарэсаў грамадзян, якія часова апынуліся без працы. Дзеянне мараторыя з’яўляецца вельмі важным маральна-сацыяльным пытаннем, таму што аблегчыць жыццё грамадзянам і палепшыць міжнародны аўтарытэт краіны”, — гаворыцца ў звароце Волчака ў Адміністрацыю прэзідэнта і ва ўрад.