„Регнум” хоча падаць у суд на прадстаўніка МЗС Расеі
Расейскае агенцтва Регнум мае намер падаць у суд на афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Марыю Захараву за каментар па справе затрыманых у Беларусі журналістаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Регнума.
Фота ТАСС
Гаворка ідзе пра заяву Захаравай на брыфінгу 27 снежня ў адказ на просьбу журналіста пракаментаваць затрыманні ў Беларусі аўтараў расійскага інфармагенцтва Регнум, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „ЕАДэйли” Сяргея Шыпценкі, Юрыя Паўлаўца (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і Дзмітрыя Алімкіна (Ала Бронь).
Захарава падкрэсліла, што выкарыстанне такіх слоў, як „неданарод” або „недадзяржава”, у дачыненні да Беларусі і беларусаў з’яўляецца недапушчальным. „Такія выразы не спрыяюць стварэнню пазітыўнай атмасферы ў беларускіх адносінах”, — сказала яна.
Регнум у сваёй заяве падкрэслівае, што слова „неданарод” не магло выкарыстоўвацца ў публікацыях агенцтва „ні ў дачыненні да беларускага, ні ў дачыненні да якога б там ні было народа, і не магло выкарыстоўвацца ў прынцыпе, бо гэтае слова з нацысцкага слоўніка”.
„А слова „недадзяржава” ўжывалася аўтарам ІА Регнум толькі ў дачыненні да Украіны і тых, хто свядома ідуць па яе шляху, — да русафобіі, майдана і дзяржаўнага перавароту, гэта значыць да адмаўлення і знішчэння ўласнай дзяржаўнасці”, — гаворыцца ў заяве.
У дакуменце таксама сказана: „Захарава, карыстаючыся службовым становішчам, здзейсніла акт свядомай дыфамацыі, распаўсюдзіла відавочную і наўмысную хлусню, узвяла паклёп на журналістаў ІА Регнум і агенцтва ў цэлым. У сувязі з гэтым ІА Регнум заяўляе, што падае ў суд іск да афіцыйнага прадстаўніка МЗС РФ Марыі Захаравай аб абароне гонару і годнасці, нанясенні шкоды дзелавой рэпутацыі агенцтва”.
Як раней паведамлялася, трох беларусаў, што супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ, абвінавачваюць на падставе артыкула 130 КК у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, скіраваных на ўзбуджэнне ў розных груп насельніцтва Расеі і Беларусі нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў інтэрнэце артыкулаў.
„Падчас праведзеных вобыскаў атрыманыя звесткі аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагароджанняў за падрыхтоўку замоўленых публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў 8 снежня Следчы камітэт Беларусі.
Усе трое знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.