Святлане Алексіевіч ўручылі пасведчанне Міжнароднай федэрацыі журналістаў
Святлане Алексіевіч ўручылі пасведчанне Міжнароднай федэрацыі журналістаў. А таксама дыплом ганаровага сябра арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яшчэ ў верасні нобелеўская лаўрэатка па літаратуры стала ганаровым сябрам БАЖ. «З журналістыкай Святлана Алексіевіч звязаная ўсе жыццё,» — заўважыў у нашым эфіры прэс-сакратар арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
— Яна атрымала нобелеўскую прэмію за літаратуру нон-фікшн. Фактычна тое, што яна бачыла, размаўляла, гутарыла з людзьмі, па вялікім рахунку — гэта журналісцкая праца, толькі ў маштабах працы пісьменніка. Мы і раней запрашалі яе ў беларускую асацыяцыю журналістаў, яшчэ да таго, як яна стана нобелеўскай лаўрэаткай. Але ў яе ўсё не было ці то жадання, ці то магчымасці і часу, ці то баялася сурочыць, але калі атрымала нобелеўскую прэмію, дык сама звярнулася ў БАЖ.
Апроч Святланы Алексіевіч ганаровымі сябрамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з’яўляюцца беларускі паэт Сяргей Законнікаў, расейскі пісьменнік і праваабаронца Аляксей Сіманаў, а таксама амерыканскі журналіст Глэй Хасвэл.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя