Павел Севярынец: Пасля 40 мару жыць у вольнай Беларусі!



Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу спаўняецца 40 гадоў.

Павел Севярынец

Заснавальнік і былы лідар “Маладога Фронта”, арганізатар вулічных пікетаў ды масавых акцый супраць існуючага рэжыму. Былы намеснік старшыні Партыі БНФ ды адзін з арганізатараў першага Кангрэсу беларускай моладзі, камітэта абароны Курапатаў, нацыянальнай кампаніі “Беларусь у Еўропу!”, перадвыбарчага блоку “Маладая Беларусь”. Былы палітвязень. У 2005 Павел быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту ў 2004 годзе супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Потым з улікам амністыі адбываў 2 гады пакарання на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна, што на Полаччыне. У 2009 напісаў у гэтай вёсцы свой раман “Сэрца святла”. У 2010 быў узяты пад варту, а ў 2011 асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія “груба парушаюць грамадскі парадак”. Знаходзіўся ў вёсцы Куплін. Цяпер Павел Севярынец з’яўляецца сустаршынём аргкамітэта незарэгістраванай партыі БХД і Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай, а таксама літаратарам, аўтарам cямі кніг публіцыстыкі ды прозы.

РР: Павел, пачнем з віншаванняў. З 40-годдзем віншуюць сябры і знаёмыя.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч, лідар руху “За Свабоду!”, з якім БХД у правацэнтрысцкай кааліцыі:

– Паўла ведаю больш за два дзесяцігоддзі і заўжды захапляюся як асобай. Партнёрам, на якога можна пакласціся. Не сумняюся ў яго добрых перспектывах, як палітыка і літаратара.

Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч, лідар “Маладога Фронта”:

– Мы ведаем Паўла як адданага патрыёта Беларусі, чалавека са звышнатуральнымі здольнасцямі ды агромністымі патэнцыялам. У самых неспрыяльных палітычных умовах ён здольны аб’яднаць і арганізаваць вакол сябе тысячы людзей. Асабіста перакананы, што гэта той лідар, што будзе кіраваць Беларуссю, калі прыйдуць перамены.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Уладзімір Някляеў, паэт, лідар руху “За Дзяржаўнасць і Незалежнасць”:

– “40-годдзе – строгая пара” – напісаў мой даўні сябар, расейскі паэт Яўген Еўтушэнка. Дарэчы, у літаральным сэнсе ў нашых беларускіх умовах, у якіх іх сустракае Павел. Чамусьці ў народзе не надта раяць святкаваць гэты юбілей – маўляў, пераход да іншага чалавечага і мужчынскага стану. Але дарма – кожны дзень і год варта ўспрымаць як свята! А тым болей такому шчыраму верніку, як ён. Прыгадваю яго, яшчэ маладога на Плошчах-2001-2006 , дзе я яму казаў: Павел, толькі наперад! На такіх як ты – спадзяецца Беларусь!

Зінаіда Бандарэнка

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі, дыктарка ўсіх беларускіх часоў:

– Юбілеі будуць паўтарацца, але 40 – для мужчыны самы-самы юбілей росквіту, што пачынаецца. Ён таленавіты чалавек з мноствам ідэй і задум. Я зычу яму, каб усе яны здзейсніліся. Жадаю кахання, поўную хату дзетак, а ў сям’і лад і любоў!

Павел Севярынец: Вялікі дзякуй Вам і ўсім, хто яшчэ павіншуе. Без нашых беларусаў, канешне, не стаў бы тым, кім стаў.

РР: Але без размовы пра палітычныя актуаліі не абыдземся. Зрэшты, лукашэнкаўская дзяржава цябе таксама “павіншавала” даўшы сёлета 15 штрафаў на агульную суму ў амаль 150 мільёнаў рублёў. Як спраўляешся з гэтай акеанічнай штрафной хваляй?

Павел Севярынец: (усміхаецца) Адпраўляю іх пастановы ў праваабарончыя цэнтры. Калі б не праваабаронцы, беларусы, што падтрымліваюць, канешне, такія сумы проста не пацягнуў бы.

РР: Акурат перад размовай прачытаў выказванне вядомага  журналіста і тэлевядучага Уладзіміра Познера, які прывёў словы свайго амерыканскага сябра-калегі Філа Донах’ю, што “Амерыка заслужыла Трампа”. Перафразуем выраз для Беларусі апошніх двух дзесяцігоддзяў – Беларусь заслужыла Лукашэнку?

Павел Севярынец: Тое, што ён не выпадковы прэзідэнт, я шматразова і глыбока пераканаўся. Ён выразнік грамадскіх настрояў многіх пасля 70 год камунізму. На той момант была такая воля народажыхарстава. Гэта і выклік, і папрок нам, беларусам…

РР: Між іншым, памятаеш, як памерлыя палітыкі Ганчар і Булахаў называлі яго “лялькай”? Аказаўся ж “трайны туз”…

Павел Севярынец: Так, зусім не просты, шматслойны дзеяч. Хоць ключавую ролю ў яго абранні, асабліва ва ўтрыманні столькі год, адыграла імперская Расея.

РР: Але ці перажыла Беларусь Лукашэнку свядомасна?

Павел Севярынец: Думаю, разабралася ў Рыгоравічы. Але ён за гэты час збудаваў настолькі жорсткі рэжым, што скінуць яго немагчыма – прынамсі, цывілізаваным шляхам на выбарах. Таму трагедыя цягнецца.

РР: Пра Украіну, з якой цесна звязаны. Наша краіна-суседка трывала загразла ў карупцыі, эканамічным заняпадзе. З-за таго 2017 яна сустракае без заходніх крэдытаў, што ліхам адаб’ецца. Кажуць нават, што Еўропа “адвярнулася” ад яе. Ці мяняецца беларуская тактыка ў адносінах да Украіны?

Павел Севярынец: На нашых вачах адбываецца драматычная гісторыя – наколькі бліскучая і яркая, настолькі і з глыбокімі праваламі. З аднаго боку, гэта сведчанне фатальнага разрыву паміж Расеяй і Захадам, на які Украіна лягла як мост, што закрывае расколіну. Але сённяшняя сітуацыя і адлюстраванне тамтэйшага “казацкага” менталітэту з неверагоднай амплітудай, калі ад гераізму да здрады адзін крок. Яскравы антыпод ціхай, глыбокай, стоянай у сабе Беларусі. Хоць і ў нас змены за гэты час адбыліся мо не менш уражлівыя – проста не настолькі відавочныя.  Але, здаецца, у нашых стасунках галоўнае наперадзе. Калі Беларусь стане непазбежна вырывацца з-пад жалезных абдымкаў Расеі і ўкраінцы падставяць нам плячо – тады і адбудзецца галоўная падзея ў рэгіёне. Гэта аднаўленне межаў, што былі ў Маскоўскай дзяржавы з нашым ВКЛ і Рэчай Паспалітай.

РР: Ну і сенсацыя, што ў наступным годзе чакае чытачоў – рыхтуюцца да выдання твае аж тры кнігі!

Павел СевярынецДзве з іх да 100-годдзя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пад назвамі “100 асобаў БХД”, таксама “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”. І першая частка раману “Сэрца святла” – дасць бог, выйдзе ў сярэдзіне года.

РР: Ад імя нашага радыё жадаю імпэту і шчасця жыць. Для чаго здароўя і ўдачы!

Павел Севярынец: Дзякуй, “Рацыя”!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск