Юбілей тыднёвіка “Ніва” як адна з галоўных падзей года



60 гадоў тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва” як адна з падзей 2016 года. Цягам усяго года праходзілі розныя юбілейныя імпрэзы. «Ніва» — гэта штотыднёвая газета, якая выдаецца на беларускай мове ў Беластоку. Зараз яе выдае Праграмная рада тыднёвіка «Ніва». Газета асвятляе штодзённае жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый. Пра ролю «Нівы» ў беларускім жыцці ўзгадвае адна з журналістак выдання Міра Лукша:

– У 1956 годзе ўзнік тыднёвік пад кіраўніцтвам Георгія Валкавыцкага, які сабраў вакол «Нівы» аўтараў і аматараў роднага слова, вывучыў журналістаў, паэтаў, сабраў людзей, якія друкаваліся на родным слове, у тым ліку з Беларусі – ужо цяперашнія класікі. Яны, маладыя хлопцы-студэнты, дасылалі сюды свае тэксты, якія не маглі друкавацца ў Беларусі.

Першы нумар выдання выйшаў 4 сакавіка 1956 года. Газета была заснавана Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя