Берасцейская “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запусціла ўласны сайт
Сябры Берасцейскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запусцілі сайт brestnatura.org.
На ім спецыялісты ў сферы экалогіі будуць змяшчаць інфармацыю пра дзейнасць аб’яднання, звароты грамадзян, запрашэнні на акцыі ды адукацыйныя мерапрыемствы.
“У цэлым сайт прысвечаны праблемам аховы прыроды і асабліва ахоўваемым тэрыторыям Берасцейскай вобласці”, – распавёў адзін са стваральнікаў старонкі Андрэй Абрамчук:
– Там вы зможаце знайсці мапу з усімі ААПТ вобласці, якія існуюць – нацыянальнага і міжнароднага значэння. Ёсць раздзел прысвечаны міжнароднаму заканадаўству ратыфікаванаму Рэспублікай Беларусь, ёсць раздзел прысвечаны нацыянальнаму заканадаўству. Ёсць магчымасць пакідаць інфармацыю датычную пагроз на нейкіх ААПТ, кароткая інфармацыя пра ўсе ААПТ. Ёсць раздзелы прысвечаныя практыцы аховы прыроды, маніторынгу, працы захавальнікаў асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый.
Як падкрэсліў Андрэй Абрамчук, пакуль не ўсе раздзелы дапрацаваныя, таксама з часам будзе папаўняцца раздзел навінаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце