МЗС Польшчы: Скарачэнне фінансавання „Белсата” не звязана з палітыкай



Справа скарачэння фінансавання тэлеканала “Белсат” не палітычная, а бюджэтная, як сказаў у інтэрв’ю для Польскага Радыё намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі. Таксама ён адзначыў, што Польшча зацікаўлена адкрыццём на Беларусь, паколькі  ўсходняя палітыка Еўразвязу ў сур’ёзным крызісе.

У адказ на закіды беларускай апазіцыі, што ліквідацыя “Белсата” – гэта цана за адкрыццё Менска на гандаль з Варшавай, Конрад Шыманскі сказаў: “Гэта простае супадзенне падзеяў, якія насамрэч не маюць з сабой нічога агульнага. Польшча насамрэч зацікаўлена адкрыццём, як і большасць краінаў Еўразвяза. Цяпер трэба знайсці новую формулу  супрацоўніцтва з ўсімі краінамі, запрошанымі да Усходняга партнёрства, якія да гэтай пары былі ў ім амаль не задзейнічаны”.

“Польшча зацікаўлена, каб знайсці нейкія новыя спосабы ўзаемадзеяння з Беларуссю, “Белсат” тут не з’яўляецца прадметам торгу”, – пераконваў міністр Конрад Шыманскі.

Паводле radiozagranica.pl