Літва прызначыць спецпасла па пытаннях Беларускай АЭС



Літва прызначыць спецыяльнага пасла для каардынацыі дзеянняў ведамстваў па пытаннях атамнай станцыі, якая будуецца ў Беларусі. Пра гэта было заяўлена у аўторак, 3 студзеня, на сустрэчы літоўскіх міністраў замежных спраў, навакольнага асяроддзя і энергетыкі.

Прадстаўнік па сувязях з грамадскасцю міністра замежных спраў Лінаса Лінкявічуса Кястуціс Вашкялявічус паведаміў, што дыпламат будзе прызначаны на гэтым тыдні, перадае Delfi.lt Пакуль указ не падпісаны, яго прозвішча не раскрываецца.

Тры міністры таксама падпісалі лісты высокапастаўленым прадстаўнікам Еўракамісіі і дырэктару Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы, у якіх звяртаюць увагу на ўжо шосты па ліку інцыдэнт, звязаны з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць). Міністры просяць забяспечыць кантроль гэтых арганізацый над рэалізацыяй беларускага праекта. Літва ў лістах выказвае перакананасць у тым, што Беларусь працягне небяспечнае развіццё АЭС, якая будзе знаходзіцца за 50 км ад Вільнюса, а калі праект і далей будзе рэалізоўвацца без выканання міжнародных патрабаванняў бяспекі, то ён будзе ўяўляць пагрозу для бяспекі ўсяго рэгіёна.

Як паведамляў БелаПАН, вечарам 28 снежня на будаўнічую пляцоўку атамнай станцыі даставілі новы корпус рэактара для АЭС. Аднак незадоўга да прыбыцця з ім адбыўся інцыдэнт. Паводле інфармацыі адміністрацыі БелАЭС, 26 снежня падчас манеўравання на станцыі Слаўнае здарылася „нязначнае дакрананне ахоўнага металічнага транспартнага кажуха звышнегабарытнага грузу, што перавозіўся, да апоры кантактнай сеткі”. Пры гэтым пашкоджанняў на корпусе рэактара не выявілі.

Міністэрства замежных спраў Літвы 29 снежня ўручыла беларускаму паслу Аляксандру Каралю ноту з просьбай у тэрміновым парадку падаць поўную інфармацыю пра здарэнне з новым корпусам рэактара для БелАЭС. Літоўскі бок выказаў „вялікую заклапочанасць у сувязі з паўторам інцыдэнтаў на АЭС”, аб якіх становіцца вядома не з афіцыйных крыніц, а са СМІ.

Літоўскае знешнепалітычнае ведамства папрасіла адказных асоб у Беларусі „дбайным чынам расследаваць інцыдэнт і праінфармаваць Літву, суседнія дзяржавы і МАГАТЭ аб выніках расследавання”.

МЗС Літвы таксама зноў запатрабавала ад Беларусі тэрмінова правесці SEED-місію МАГАТЭ па ацэнцы выбару пляцоўкі будаўніцтва.

З першым рэактарным корпусам для БелАЭС, які даставілі ў канцы 2016 года, таксама здарыўся інцыдэнт. 10 ліпеня на будпляцоўцы станцыі падчас выпрабавальнай трэніровачнай ўстаноўкі 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў. На патрабаванне беларускага боку Расія пагадзілася яго замяніць.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом ў Гродзенскай вобласці. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення.

БелаПАН