Падвышаны тарыфы на транзіт расейскай нафты
Беларусь падвысіла тарыфы на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаводах, размешчаных на тэрыторыі краіны. Адпаведная пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 48 ад 30 снежня 2016 года апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Так, тарыф на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаводах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава падвышаны з 267,32 да 287,90 расейскага рубля за тону (без ПДК), па маршруце Унеча (Высокае) — Броды — з 114,82 да 123,66 расейскага рубля.
Тарыф на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаводах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” па маршруце Рэчыца — ААТ „Мазырскі НПЗ” пры разліках у беларускіх рублях падвышаны да 0,51 рубля за тону (без ПДК), па маршруце Рэчыца — Адамава Застава — да 6,96 рубля, па маршруце Рэчыца — лінейная вытворчая дыспетчарская станцыя „Мазыр” — да 0,43 рубля, Рэчыца — Броды — да 1,02 рубля.
Такім чынам, падвышэнне тарыфаў на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаводах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” склала 7,7%.
На 11,76% падвышаныя тарыфы на паслугі па транспартаванні нафты па магістральных трубаводах ААТ „Гомельтранснафта Дружба” і „Полацктранснафта Дружба” пры разліках у замежнай валюце: па маршруце Невель — Полацк — ААТ „Нафтан” — да 35,16 расейскага рубля за тону (без ПДК), Унеча (Высокае) — Полацк — ААТ „Нафтан” — да 134,96 расійскага рубля, Унеча (Высокае) — Мазыр — ААТ „Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” — да 61,36 расейскага рубля.
Новыя тарыфы будуць дзейнічаць з 1 лютага па 31 сакавіка 2017 года.
Раней Беларусь запытвала падвышэнне тарыфаў на транспартаванне нафты з Расеі для ААТ „Гомельтранснафта Дружба” на 20,5%. „Мы палічылі неабгрунтаваным іх падвышэнне на 20,5%”, — заявіў у канцы снежня начальнік упраўлення паліўна-энергетычнага комплексу Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Дзмітрый Махонін. У адпаведнасці з методыкай, паводле слоў Махоніна, тарыф будзе падвышаны на „інфляцыя плюс 3%, гэта значыць 7,7%”.
У сваю чаргу ААТ „Полацктранснафта Дружба” раней пагадзілася з прапановай расейскай „Транснефці” павялічыць тарыф на транспартаванне нафты з РФ на 11,76% у 2017 годзе замест 20,5%.
Беларусь мела намер падвысіць тарыфы на транзіт расейскай нафты яшчэ ў 2016 годзе. Дакумент аб падвышэнні тарыфаў у сярэднім на 50% павінен быў набыць моц 11 кастрычніка, аднак напярэдадні, 10 кастрычніка, віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў аб адмене падвышэння тарыфаў на транзіт у абмен на аднаўленне аб’ёмаў паставак нафты з Расеі.
БелаПАН