Слесараў судзяць за смерць шасцярых чалавек



У судзе Барысаўскага раёна 5 студзеня пачалі разгляд справы аб гучнай трагедыі. Год таму дзве барысаўскія сям’і — агулам 6 чалавек, з іх двое дзяцей — загінулі ў сваіх кватэрах, атруціўшыся чадным газам.

Сёння на лаве падсудных двое слесараў «Барысаўгазу»: 45-гадовы Аляксандр Чысцякоў і 36-гадовы Аляксей Лукаш. Іх вінавацяць у прычыненні смерці па неасцярожнасці. Максімальнае пакаранне, якое пагражае мужчынам, — 5 гадоў пазбаўлення волі. sud1_170105-ck089Пацярпелымі па справе праходзяць сваякі загінулых. Сваякі адной сям’і — той, дзе атруціліся газам і бацькі, і дзеці, — папрасілі дапусціць сваім прадстаўніком адваката Дзмітрыя Усцілку.

Кожны з пацярпелых папрасіў спагнаць з РУП «Мінскаблгаз» 50 тысяч рублёў за маральную шкоду. А пенсіянерка Антаніна Мажанава — яшчэ і кампенсаваць ёй 1598 рублёў выдаткаў на пахаванне загінулых. sud2_170105-afavw«Не, мне зусім не прынцыпова, каб іх закрылі», — прызнаў Іван Булай. Мужчына страціў сына, нявестку і двух унукаў. Але ён лічыць, што ў трагедыі вінаватыя не столькі двое слесараў, колькі ўвесь падыход да справы і непасрэдна «Мінскаблгаз».

«Пакуль яшчэ рана казаць пра пакаранне. Цяжка даць ацэнку таму, хто вінаваты. Але ж працы вяліся непасрэдна абвінавачванымі. Хаця і акрамя іх ёсць людзі, якія вінаваты і якія працуюць у гэтай структуры», — ад імя астатніх пацярпелых выказаўся адвакат Усцілка.

Падзеі ў судзе перажываць усім няпроста. Сваякі загінулых трымаліся, хоць і са слязамі на вачах. Але ж жонка аднаго са слесараў проста плакала наўзрыд. Было бачна, што вельмі цяжка і яму самому.

Самі слесары нічога не каментуюць: «Нам нельга размаўляць з прэсай». Але ж адзін з іх прызнаў: лічыць, што з іх проста робяць крайніх. Не хочуць нічога казаць журналістам і іх сваякі. sud4_170105-45lq4«Але ж я проста не разумею, за што іх судзяць. Яны ездзілі ці то правяраць абсталяванне, ці то што… І ўсё было нармальна. А потым праз месяц здарылася гэта. І вось іх цяпер робяць вінаватымі», — усё ж расказала маці Аляксандра Чысцякова.

Мужчына 22 гады працуе на «Барысаўгазе», расказала яго маці, з алкаголем праблем не меў ніколі. Працягвае ён працу і па сёння.

«Як думаеце, пасадзяць іх?» — з асцярогай спыталася цётка Аляксандра Чысцякова. Ёй ніхто нічога не адказаў.

Па версіі следства, слесары неахайна абышліся з газавай калонкай. У канцы снежня падчас праверкі яны не выявілі няспраўнасць і не выправілі яе. У выніку — праз месяц знайшлі 6 трупаў у дзвюх кватэрах.

– Вы разумееце абвінавачанне? — спытаў суддзя.

– Не, — адказаў Аляксей Лукаш.

– Вінаватым сябе прызнаяце?

– Не.

Такі ж дыялог адбыўся і з Чысцяковым.

Паводле nn.by