Як Нараджэнне Хрыстова святкуюць ва Украіне?



Украінская традыцыя святкавання Раства вельмі нагадвае беларускую, дзе арганічна спалучаюцца і паганскія, і хрысціянскія традыцыі.

2017-01-06_achromienka_ukraina_rychtuecca_da_rastva

Пачынаецца святкаванне 6 студзеня са Святой Вячэры. Пасля вечаровай службы ў царкве, са з’яўленнем у нябёсах першай зоркі сям’я сядае за стол, дзе мае стаяць дванаццаць посных страў. Стравы могуць быць рознымі, але ж абавязковыя – куцця, то бок каша з мёдам, радзінкамі ці макам, і ўзвар з сухафруктаў. На стол ставіцца “Дзідух” – саламяны сноп, прытым у сумежных з Беларуссю раёнах ён называецца “Каляда”.

Пасля Святой Вячэры бацькі робяць падарункі малым дзеткам, а моладзь ідзе па хатах спяваць калядкі, у якіх зычаць гаспадарам дабрабыту і шчасця, прытым не падзячыць калядоўшчыкаў грашыма ці цукерамі лічыцца паганай прыкметаю.

І толькі зраніцы, пасля службы ў царкве, праваслаўныя ўкраінцы сядаюць за стол, каб разгаўляцца пасля посту.

Калядныя святы традыцыйна адзначаюцца ва Украіне дванаццаць дзён.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя