„Рок-жнівень” з сусветнымі зоркамі на Аўгустоўскім канале
Буйны міжнародны рок-фестываль з удзелам зорак сусветнага роўню правядуць летам 2017 года на Аўгустоўскім канале, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
Фестываль плануецца арганізаваць у апошні месяц лета пад назвай „Рок-жнівень”. Ён пройдзе ў развіццё руху „Рок за Спорт”, пачатак якому ў Беларусі паклаў канцэрт у Менску ў снежні з удзелам U.D.O. Dirkschneider і CherMen.
На пляцоўку на беразе папулярнага турыстычнага аб’екта ў Гарадзенскім раёне змогуць прыехаць рок-гурты з розных краін, зарэгістравацца для ўдзелу можна будзе на адмысловым сайце. Пазней стане вядома, якія менавіта рок-зоркі выступяць на дадзеным музычным форуме. „Гэта будзе першае музычнае мерапрыемства ў бязвізавай зоне на канале такога маштабу. Арганізатары ўпэўненыя, што міжнародны канцэрт у бязвізавай зоне выкліча цікавасць у гасцей і музыкаў з розных краін. Змогуць прадэманстраваць сябе перад шырокай міжнароднай публікай і беларускія рок-гурты. Фестываль на беразе жывапіснага канала зможа прыняць каля 15 тыс. гледачоў „, – растлумачыў суразмоўца і дадаў, што фестываль не плануецца як камерцыйны, білет будзе каштаваць сімвалічна для падобнага мерапрыемства.
Рэгістрацыю для ўдзельнікаў маюць намер адкрыць ужо ў лютым. Адначасова збіраюцца запусціць і продаж квіткоў. Госці таксама загадзя змогуць браніраваць месцы для размяшчэння – гатэлі, аграсядзібы альбо кемпінгі паблізу да амфітэатра.