Апазіцыя ў польскім Сейме дагэтуль блакуе парламенцкую трыбуну
У Польшчы працягваецца парламенцкі крызіс. Апазіцыя ўжо некалькі тыдняў блакуе трыбуну ў Сейме, бо лічыць дзеянні кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» незаконнымі і недэмакратычнымі.
У прыватнасці, абурэнне апазіцыі выклікала выключэнне з паседжання аднаго з дэпутатаў, а таксама галасаванне за дзяржаўны бюджэт, якое адбывалася не ў пленарнай залі, дзе апазіцыйныя дэпутаты не мелі магчымасці выступіць.
Больш падрабязна сітуацыю тлумачыць Марцін Свянціцкі, палітык з апазіцыйнай партыі “Грамадзянская Платформа”:
— Вядучы парламенцкіх дэбатаў раптам пазбавіў слова аднаго з дэпутатаў апазіцыі, які заяўляў прапановы парламенцкай меншасці да законапраекту бюджэту. Гэта па-першае. А па-дуругое, рыхтавалася пастанова, якая ад 1 студзеня мела вельмі моцна абмежаваць і зрабіць амаль немагчымай нармальную працу журналістаў у Сейме. З кожнай рэдакцыі ў Сейм меў бы доступ толькі адзін журналіст. У сувязі з гэтым мы запатрабавалі, па-першае, вярнуць дэпутата, а па-другое, адхіліць падрыхтаваныя змены адносна працы журналістаў.
Пшэмыслаў Чарнэцкі, дэпутат польскага Сейму ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць»
— 16 снежня сапраўды была вельмі напружаная атмасфера і сітуацыя. Апазіцыя намагалася выкарыстаць гэты момант, каб заблакаваць дзейнасць і парламента і польскага ўраду, але кіроўны бок вельмі хутка заблакаваў гэтыя спробы. І цяпер, я спадзяюся, мы неўзабаве вернемся да нармальнай працы парламента.
Марцін Свянціцкі:
— Толькі пасля нашых пратэстаў, калі бы заблакавалі трыбуну спікер Сейма перанёс паседжанне, не паведамляючы нам пра гэта адпаведным чынам, у іншую залу, у якой нават не было 460 месцаў для дэпутатаў толькі 300. І там прайшло галасаванне праз уздыманне рук, галасы падлічваліся ўручную. Усё гэта выклікае вялікія сумневы. Урэшце некалькі нашых дэпутатаў прарваліся туды, бо спачатку іх увогуле не пускалі, а потым усё ж пусцілі. Яны хацелі зрабіць фармальныя заявы, але ім не далі магчымасці. Таму мы маем вялікія сумневы, ці, па-першае, бюджэт, прыняты такім чынам, быў прыняты слушна. А па-другое, апазіцыі не далі, ані зрабіць заяваў па сутнасці, а паправак ад парламенцкай меншасці было каля 300, ані падаць фармальных заяваў.
Пшэмыслаў Чарнэцкі:
— Гэта абсалютная праўда. Калі апазіцыя блакавала трыбуну і нармальны працэс вядзення дэбатаў, дык чаму яны здзіўляюцца, што з’явіліся працэдурныя праблемы? Сапраўдная цнота не баіцца крытыкі і таму мы, партыя «Права і справядлівасць» не баімся крытыкі. Я толькі звярнуў бы большую ўвагу на тое, што можа прапанаваць апазіцыя. Са словаў апазіцыі ўсё, то мы дагэтуль зрабілі, гэта кепска. Падыход «Грамадзянскай платформы» мне не вельмі падабаецца, я лічу, што гэта не вельмі добра, не з гледзішча партыі, бо вядома, што кожны глядзіць праз прызму сваёй партыі, але ўсё гэта не вядзе да дабра, не вядзе да згоды ў народзе, а таксама не спрычыніцца да таго, што парламент будзе выдатна працаваць у бліжэйшы час.
Томаш Бладынец, сябра польскай апазіцыйнай партыі «Сучасная» (Nowoczesna):
— На наш погляд гэта парушэнне законаў і правілаў і мы разумеем, што ПІС мае большасць у Сейме, і што яны могуць прагаласаваць за гэты бюджэт, але мы хочам, каб яны гэта зрабілі законным метадамі. Няхай яны праводзяць гэтую працу нармальна, у залі пасяджэнняў Сейма, каб усё было празрыста і ўсё можна было паглядзець і ўсё адпавядала працэдуры. Бо калі мы пачнём так працаваць, лык дэмакратыя ў Польшчы неўзабаве разваліцца.
Павел Усаў, палітолаг:
— Крызіс зайшоў настолькі далёка, што нейкімі канструктыўнымі крокамі і пошукам кансенсусу гэтай сітуацыі ўжо не вырашыць. Адзінае, што бачыць на сённяшні момант апазіцыя, гэта, безумоўна, роспуск парламента і прызначэнне датэрміновых выбараў. Хоць гэтага не адбудзецца, а значыць, крызіс будзе яшчэ больш паглыбляцца і гэта безумоўна адаб’ецца на іміджы Польшчы, інвестыцыйным клімаце, і можа паважна адгукнуцца ў эканамічнай сітуацыі.
Калі казаць пра апазіцыю, яна зрабіла ўсё, каб за апошні час сапсаваць свой імідж. Гэта тычыцца і лідара «Сучаснай» (Nowoczesna) Рышарда Петру і лідара Камітэта абароны дэмакратыі Кіёўскага, які ў пэўным сэнсе займаўся фінансавымі спекуляцыямі, выкарыстоўваючы сваю пазіцыю ў Камітэце. І гэта, у пэўным сэнсе, паставіла пад пытанне давер да лідараў апазіцыі, хоць стаўленне да ПІС з боку большасці грамадства, канешне, застаюцца даволі крытычныя.
Чарговае паседжанне Сейму мае прайсці ўжо 11 студзеня. Пакуль невядома, ці прыпыніць апазіцыя блакіроўку трыбуны парламента.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя