“Малады фронт” рыхтуе новыя вулічныя акцыі
Лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч абвясціў, што разам з паплечнікамі рыхтуе шэраг прапагандысцкіх вулічных акцый. Па-першае, сёлета спаўняецца 500 гадоў беларускай Бібліі Скарыны, па-другое, працягнуцца акцыі за бел-чырвона-белы сцяг. За наданне яму статусу гістарычнай каштоўнасці раней актывісты сабралі 10,5 тысяч подпісаў і падалі ў Міністэрства культуры. Кажа Зміцер Дашкевіч:
– Мы будзем прысвячаць розныя акцыі бел-чырвона-беламу сцягу. Прыхільнік ідэі нашай арганізацыі рыхтуе навуковае абгрунтаванне з архіваў бел-чырвона-беламу сцягу. І я думаю, бліжэйшым часам яно будзе пададзена. Таксама на гэтую тэматыку будзем праводзіць мерапрыемствы. Я не хацеў бы агучваць нейкія канкрэтныя даты пакуль. Будзем рабіць так, як гэта было ў 2016 годзе: прыдумалі – зрабілі. Мы будзем рады, калі гэты прыклад будуць пераймаць іншыя актывісты грамадскага палітычнага руху.
У першай палове 90-х гадоў бел-чырвона-белы сцяг меў статус дзяржаўнага, прыгадвае Зміцер Дашкевіч. Акрамя таго, і цяпер выкарыстанне нацыянальнага сцяга не забаронена заканадаўствам. Хоць надалей актывістаў часта затрымліваюць менавіта за сцяг.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск