Прэпараты для лячэння ВІЧ будуць вырабляць пад Гародняй



Прэпараты для лячэння ВІЧ і туберкулёзу будуць вырабляцца на беларуска-індыйскай фармацэўтычнай вытворчасці ў Скідзелі. Пра гэта сёння ў час закладкі першага каменя ў падмурак новага прадпрыемства ў Скідзелі паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара ТАА „Новалок” Кумар Манаранджан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На новай вытворчай пляцоўцы, якая ствараецца ў Скідзелі, плануецца вырабляць лекавыя сродкі для лячэння ВІЧ, туберкулёзу, рака і іншых захворванняў. Сума інвестыцый складзе каля $ 2,8 млн. Мантаж абсталявання першай чаргі плануецца завяршыць да канца года. У першы час ТАА „Новалок” плануе выпускаць 15-20 найменняў лекаў. У далейшым лінейку прадукцыі пашыраць да 50 найменняў.

„Гэта будуць унікальныя прэпараты, многія з якіх у Беларусі і ў іншых краінах СНД не робяцца і не прадстаўлены на рынку. Яны будуць куды больш даступнымі па цане ў параўнанні з аналагічнымі замежнымі прэпаратамі”, – адзначыў Кумар Манаранджан.

На вытворчасці, якая размесціцца на дзеючых плошчах прадпрыемства РУП „Белмедпрэпараты” ў Скідзелі, будзе створана каля 70 працоўных месцаў. Будаўнічы аб’ект сёння быў прэзентаваны старшыні Савета Рэспублікі Міхаілу Мясніковічу. Ён прыняў удзел у закладцы капсулы з пасланнем нашчадкам і першага каменя ў падмурак новага прадпрыемства.

Мясніковіч адзначыў, што акрамя вытворчасці ў Скідзелі падобныя беларуска-індыйскія фармакалагічныя праекты рэалізуюцца таксама ў Бешанковічах і Менску. Беларуска-індыйская кампанія ТАА „Новалок” створана для рэалізацыі праекта, яе заснавальнікамі выступаюць РУП „Белмедпрэпараты” і індыйская фармацэўтычная кампанія Lok-Beta Pharmaceuticals (I) Pvt. Ltd.