Лукашэнка ўнёс змены ў дэкрэт „аб дармаедах”



Аляксандар Лукашэнка 12 студзеня падпісаў дэкрэт № 1, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у дэкрэт ад 2 красавіка 2015 года № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», паведамляе прэсавая служба кіраўніка дзяржавы.

8ijdxca1mqs

Дэкрэт удакладняе пералік перыядаў дзейнасці, цягам якіх грамадзяне не лічацца ўтрыманцамі.

Так, паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, да асоб, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, аднесены грамадзяне ў перыяд знаходжання ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па відах спорту, праходжання альтэрнатыўнай службы, прымянення да іх прадугледжаных заканадаўчымі актамі мер па арганізацыі бяспекі, якія не дазвалялі ім удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Грамадзяне, якія стаяць на ўліку беспрацоўных альбо якія навучаюцца па накіраванні органа па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, будуць прызнавацца ўдзельнікамі фінансавання дзяржаўных расходаў толькі пры адсутнасці ўстаноўленых фактаў парушэння імі абавязкаў у галіне занятасці насельніцтва, а асобы, якiя выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў, — пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад трох да сямі гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю.

Таксама за мясцовымі саветамі дэпутатаў або па iх даручэнні за мясцовымі выканаўчымі альбо распарадчымі органамі замацоўваецца права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Улічваючы неабходнасць дадатковага ўдакладнення пераліку асоб, якім належыць выплаціць збор за 2015 год з улікам прадугледжаных дэкрэтам змяненняў, тэрмін накіравання падатковымі органамі паведамленняў плацельшчыкам збору пераносіцца з 1 лістапада 2016 года на 20 студзеня 2017 года, а тэрмін выплаты збору — з 1 снежня 2016 года на 20 лютага 2017 года.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (на сёння — 460 рублёў).

БелаПАН