“Талака” павіншуе гомельцаў з Калядамі
Сябры краязнаўчай арганізацыі будуць шчадраваць на адным з мясцовых рынкаў. Абрад шчадравання адбываецца 13 студзеня. У гэты дзень паводле традыцыі гурт шчадроўшчыкаў абыходзіць двары з песнямі і рознымі каляднымі персанажамі. За гэта шчадроўшчыкаў адорваюць рознымі прысмакамі ці грашыма. Маршалак “Талакі” Пятро Цалка распавёў пра адметнасці шчадравання.
– Адна галоўная дзея – гэта пераапранутыя людзі ходзяць па хатах, дварах, заходзяць у хаты і спяваюць песні, у якіх жадаюць дабрабыту ў наступным годзе, добрага ўраджаю. Яны заўжды жартуюць. Таму выпрацаваны цэлы шэраг герояў ад самых архаічных (казы, мядзведзя) да больш сучасных (гэта можа быць цыган з цыганкай).
Гомельская краязнаўчая арганізацыя “Талака” ладзіць абрад шчадравання з сярэдзіны дзевяностых гадоў. Летась арганізацыі давялося карэктаваць свае планы, паколькі большая частка прадпрымальнікаў у мінулым годзе ў студзені не працавала.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота dzedzich.org