Беларусь і ЕЗ па-рознаму каментуюць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму



Беларусь і Еўразвяз па-рознаму каментуюць ход перамоваў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэта вынікае з каментарыя прадстаўніцтва ЕЗ на заяву начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігара Фісенкі.

sciahibm-833x400

10 студзеня Фісенка заявіў, што на гэты момант Беларусь не здольная выканаць пагаднення аб рэадмісіі ў разуменні Еўрасаюза. Паводле яго слоў, Еўрасаюз жорстка абумоўлівае працэс перагавораў аб спрашчэнні візавых працэдур заключэннем пагаднення аб рэадмісіі. «Гэта значыць, адно пагадненне без іншага проста не набудзе моц. Са спрашчэннем візавых працэдур ніякіх прынцыповых праблем няма, але гэтае пагадненне звязанае цалкам з пагадненнем аб рэадмісіі», — сказаў прадстаўнік МЗС.

У лістападзе мінулага года Алена Купчына, якая на той момант займала пасаду намесніка міністра замежных спраў, тлумачыла журналістам: Беларусь хоча атрымаць трохгадовы пераходны перыяд для імплементацыі палажэнняў пагаднення аб рэадмісіі. Такі тэрмін падаваўся іншым краінам, з якімі ЕЗ заключаў такія пагадненні, у тым ліку з Расеяй, Украінай і Турцыяй, падкрэсліла яна. «Галоўнае для нас цяпер — гэта вырашыць пытанне аб рэадмісіі. Справа не ў нашай негатовасці прыняць гэтыя абавязацельствы. Мы гатовыя, але хочам выконваць іх годна», — заяўляла Купчына. Паводле яе слоў, стаіць таксама тэхнічнае пытанне пра беларускія дыпламатычныя пашпарты (Еўрасаюз хоча атрымаць дадатковыя гарантыі па бяспецы такіх пашпартоў), але яно не з’яўляецца ключавым. У прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі, каментуючы заяву Ігара Фісенкі, паведамілі, што перамовы па пагадненні аб рэадмісіі паміж ЕЗ і Беларуссю ў асноўным завяршыліся ў сакавіку 2015 года.

«Але фармальнае заключэнне пагаднення залежыць ад рашэння пытанняў, звязаных з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму. Еўрасаюзу невядома пра нейкія адрозненні ў інтэрпрэтацыі палажэнняў пагаднення. У той жа час чакаецца, што эксперты абодвух бакоў сустрэнуцца найбліжэйшым часам, каб разабрацца з любымі пытаннямі, якія могуць заставацца нявысветленымі», — адзначылі там.

У прадстаўніцтве таксама падкрэслілі: галоўным пры правядзенні перамоваў быў і застаецца той прынцып, што абодва пагадненні (аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі) павінны набыць моц і прымяняцца адначасова.

Найбліжэйшым часам, паведамілі ў прадстаўніцтве, павінна пачацца рэалізацыя праекта ў рамках праграмы „Партнёрства ў сферы мабільнасці”. Праект будзе ажыццяўляцца за сродкі ЕЗ у аб’ёме 7 млн еўра, ён накіраваны на тое, каб „дапамагчы Беларусі ў барацьбе з нерэгулярнай міграцыяй і, акрамя ўсяго іншага, падтрымаць яе ў рэалізацыі пагаднення аб рэадмісіі”. Важным кампанентам пры рэалізацыі праекта з’яўляецца даванне Беларусі дапамогі ў стварэнні некалькіх новых цэнтраў размяшчэння мігрантаў у рамках „Партнёрства ў сферы мабільнасці”.

У межах праекта таксама плануецца звярнуцца да праграмна-нарматыўных і заканадаўчым пытанняў, звязаных з кіраваннем міграцыяй, у тым ліку да распрацоўкі стратэгіі кіравання міграцыяй і стварэння сістэмы аказання дапамогі мігрантам у добраахвотным вяртанні і рэінтэграцыі, паведамілі ў прадстаўніцтве ЕЗ.

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, адзначылі там, ЕЗ сістэмна аказвае дапамогу адпаведным ведамствам Беларусі ў пытаннях рэгулявання мяжы, у тым ліку ў пытаннях незаконнай міграцыі. Напрыклад, ЕЗ дапамог пабудаваць у Берасці цэнтр часовага размяшчэння нелегальных мігрантаў, у якім могуць пражываць да 30 чалавек (у межах праекта „БОМБЕЛ-1”).

БелаПАН