Андрэю Бандарэнку пагражае яшчэ 2 гады зняволення
Абвінавачванне па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу – злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, прад’яўлена зняволенаму праваабаранцу, былому кіраўніку арганізацыі „Платформ Іннавэйшн” Андрэю Бандарэнку. Ён зараз адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёва. У 2014 годзе Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады зняволення па артыкуле хуліганства. На волю ён павінен быў выйсці 31 сакавіка 2017 года. Але зараз яму пагражае яшчэ 2 гады зняволення.
Па совах праваабаронцы, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 13 склікання Людмілы Гразновай, пераслед Бандарэнкі з самага пачатку выклікаў шмат пытанняў:
– Тая правіннасць цягнула максімум на 15-20 сутак арышту. Яму ж далі тры гады. Зараз яму пагражае яшчэ два гады зняволення. Чым можна растлумачыць такія жорсткія меры пакарання? Андрэй умяшаўся ў сферу вельмі рызыкоўную для праваабаронцы, а менавіта – пенітэнцыярную сістэму. Ён бараніў правы асуджаных у ізалятарах і турмах.
І гэтага сілавыя структуры яму не даравалі. Другі фактар, які ўскладніў сітуацыю Андрэя Бандарэнкі, – адсутнасць салідарнасці з боку праваабаронцаў. Яго справа не атрымала неабходнага ўнутранага і міжнароднага рэзананса, – лічыць Людміла Гразнова.
„Ты не менш, якія б інтарэсы не сутыкаліся вакол справы Бандарэнкі, ён мае права на справядлівыя адносіны да сябя. І таму суд павінен вызваліць Андрэя Бандарэнку і не караць яго за тое, чаго ён не рабіў,” – кажа Людміла Гразнова.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org