У Беларусі здымуць фільм пра вайну ў Сірыі
У пачатку лютага стартуе першы міжнародны кінапраект пад лэйблам „Зроблена ў Беларусі”, паведамілі 13 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску члены здымачнай групы. Над стварэннем фільма працуюць кінематаграфісты з Беларусі, Італіі, Лівана, Расеі і Сірыі.
Карціну „Невядомы салдат”, якая будзе знятая па аднайменнай кнізе італьянскага пісьменніка і журналіста Джыані Перэлі, плануюць прадставіць ужо восенню на Венецыянскім кінафестывалі. На думку ініцыятараў праекта, гэты фільм дазволіць беларускаму кінематографу заявіць пра сябе ў свеце. Адзін з прадзюсараў фільма Анжэла Сконда адзначыў, што сёння ў свеце ніхто не ведае пра беларускае кіно.
„Беларусь ніколі не ўдзельнічала ў такіх сур’ёзных форумах, як Венецыянскі кінафестываль, і гэта — выдатная магчымасць для прэзентацыі краіны ў свеце кіно”, — сказаў ён.
Прадзюсар адзначыў, што Беларусь была абраная ў якасці асноўнай здымачнай базы карціны, таму што „кінематаграфічная тэхніка і персанал падыходзяць пад еўрапейскія стандарты для вытворчасці такога фільма”.
Каардынатар кінапраекта ў Беларусі Аляксандр Левянчук растлумачыў, што лэйбл „Зроблена ў Беларусі” азначае, што фільм будзе зроблены юрыдычнай асобай — кінакампаніяй „Орбат-сінема”, — зарэгістраванай у рэспубліцы, усе падаткі таксама будуць плаціцца тут.
Асноўныя здымкі намечаны на красавік—май. Яны пройдуць у Беларусі, Сірыі і Чачні (Расея). На тэрыторыі Беларусі будуць здымацца эпізоды, звязаныя з беларускай і расійскай прыродай і архітэктурай. Нейкія вуліцы будуць паказваць Маскву, у іншых кадрах будуць паказаны вядомыя месцы Беларусі, паведаміў Левянчук.
У здымках возьмуць удзел беларускія акцёры. Асноўны кастынг пройдзе ў лютым.
Бюджэт фільма 5,5 млн. еўра, ён фарміруецца шэрагам краін, сярод якіх Беларусь, Егіпет, Ліван, Расея, Сірыя, Турцыя. Паводле слоў Левянчука, беларускіх дзяржаўных грошай у фільме няма, але любой дапамогі з боку ўладаў кінакампанія будзе рада.
Фільм плануюць зняць у вельмі кароткія тэрміны, і гэта магчыма дзякуючы сучаснаму абсталяванню, якое дазваляе адначасова здымаць і тут жа манціраваць, падкрэсліў рэжысёр фільма Клаўдыё Малапонці.
Карціна расказвае аб барацьбе з тэрарызмам на прыкладзе гісторыі аднаго рускага чалавека італьянскага паходжання, які ў разгар сірыйскага ваеннага канфлікту трапіў у палон. Асноўны пасыл фільма, паводле слоў аўтараў, — барацьба з насіллем і імкненне да міру і любові.