Алесь Бяляцкі заклікаў да новага непалітычнага аб’яднання



Беларусы павінны стварыць нейкую новую беларускую “Хартыю”, якая аб’яднае светлыя галовы і выступіць з лозунгамі, з якімі выступала «Хартыя’77». Былы палітычны вязень, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі падчас вечарыны памяці Вацлава Гавэла ў Менску заклікаў да новага непалітычнага аб’яднання.

– Для нас гэты прыклад “Хартыі”, шчыра кажучы, крыху балючы. Тое, у якім стане зараз знаходзіцца наша грамадства, недапушчальна. Канешне, мы мусім аб’яднацца. Мы павінны стварыць новую беларускую “Хартыю”, якая б аб’яднала светлыя галовы, мусіла б быць не палітычнай арганізацыяй, а мусіла б выступаць з тымі лозунгамі, з якімі выступала “Хартыя’77” дзеля таго, каб законы выконваліся, а правы шанаваліся.

У Менску 14 студзеня адбыўся традыцыйны вечар памяці вядомага чэхаславацкага дысідэнта і першага прэзідэнта незалежнай Чэхіі Вацлава Гавэла, арганізатарамі якога ў гэтым годзе выступілі Рух «За Свабоду», ПЦ „Вясна” і БХК пры падтрымцы амбасады Чэшскай Рэспублікі.

Беларускае Радыё Рацыя