БХД збірае подпісы за ўсталяванне памятнай шыльды Вінцэнта Гадлеўскага
Сустаршыня партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, былы палітвязень Павел Севярынец прапанаваў бярозаўскім актывістам паставіць подпісы за аднаўленне памятнай шыльды ксяндза пакутніка Вінцэнта Гадлеўскага на Чырвоным касцёле. Спіс жадаючых увекавечання памяці ксяндза Гадлеўскага павялічыўся больш чым на 20 чалавек, кажа Павел Севярынец:
– Зараз мы збіраем подпісы для ўсталяванне памятнай шыльды ў памяць ксяндза-пакутніка Вінцэнта Гадлеўскага, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, перакладчыка “Новага запавету” на беларускую мову, які быў расстраляны гестапаўцамі за сувязь з заходнімі Альянтамі ў 1942 годзе. Нам здаецца, што гэта тая постаць, на якую можна арыентавацца. Цяжкія для Беларусі былі часы, найцяжэйшыя, але вось і героі, на мой погляд, тыя, хто стаялі за Беларусь, тыя, хто неслі свой крыж.
Ві́нцэнт Гадле́ўскі — каталіцкі сьвятар, грамадскі дзеяч, публіцыст. 24 снежня 1942 года арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску, неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы (пад Менскам).
Беларускае Радыё Рацыя